Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
У тым часе праходзіў Ісус у сыботу памеж збожжа; вучанікі Ягоныя запраглі і пачалі каласаваць а есьці.
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
Але фарысэі, згледзіўшы, сказалі Яму: «Гля, вучанікі Твае робяць, чаго не дазволена рабіць у сыботу».
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
Ён жа сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як запрагнуў сам і бытыя зь ім?
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Як ён увыйшоў у дом Божы і еў хлябы Віду, каторыя не дазволена было есьці ані яму, ані былым ізь ім, а толькі адным сьвятаром?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Або ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботы сьвятарове будзеняць сыботу, адылі бязьвінныя?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Але кажу вам, што тут Тый, што вялікшы за сьвятыню.
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
Калі б вы ведалі, што знача: ’міласэрдзя хачу, а не аброку’, то ня судзілі б бязьвінных;
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
Бо Сын Людзкі ё спадаром і сыботы».
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
І, адыйшоўшы стуль, увыйшоў Ён у бажніцу іхную.
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
І вось, чалавек із сухою рукою. І папыталіся ў Яго, каб абвінаваць Яго: «Ці дазволена ўздараўляць у сыботы?»
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
Ён жа сказаў ім: «Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ўвалілася ў яму, не дасягне яе й ня выцягне?
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Колькі ж лепшы чалавек за авечку! Дык у сыботы дазволена рабіць дабро.
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
Тады кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю»; І ён выцягнуў: і стала яна здаровая, як і другая.
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
Фарысэі ж, вышаўшы, зраджаліся на Яго, каб загубіць Яго.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
Але Ісус, даведаўшыся, здаліўся стуль. І пайшлі за Ім чысьленыя груды, і Ён уздаравіў іх усіх.
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
І забараніў ім азнаймляць празь Яго,
і забараніў ім расказваць пра Яго:
Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа:
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
«Во, служэц Мой, Каторага Я абраў, любовы Мой, Катораму прыяе душа Мая; палажу Дух Свой на Яго, і агалосе суд народам;
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
Ня будзе сьперачацца ані галёкаць, ніхто на вуліцах не пачуе голасу Ягонага;
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
Трысьціны наломленае не даломе і лёну тлеючага ня згасе, пакуль не давядзець суду да перамогі;
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
І на імя Ягонае спадзявацца будуць народы».
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
Тады прывялі да Яго апанаванага нячысьцікам нявіснога й немага; і ўздаравіў яго, так што нявісны й немы пачаў гукаць і бачыць.
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
І зумеўся ўвесь груд, і гукаў: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
Фарысэі ж, пачуўшы, сказалі: «Ён выганяе нячысьцікаў ня накш, як вельзэвулам, князям нячысьцікаў».
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
Але Ісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзяліўшыся само супроці сябе, спусьцее; і кажнае места альбо дом, падзяліўшыся сам супроці сябе, ня ўстое.
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
І калі шайтан шайтана выганяе, то ён падзяліўшыся сам супроці сябе: як жа ўстое гаспадарства ягонае?
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
І калі Я вельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вышыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
Калі ж Я духам Божым выганяю нячысьцікаў, тады дайшло да вас гаспадарства Божае.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
«Або, як можа хто ўвыйсьці ў дом дужасіла і паграбіць рэчы ягоныя, калі пярвей ня зьвяжа дужасіла? і тады паграбе дом ягоны.
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае з Імною, тый раськідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Дык кажу вам: кажны грэх а блявузґаньне будуць дараваны людзём, але блявузґаньне на Духа ня будзе даравана людзём.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
Калі хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму; калі ж скажа на Духа Сьвятога, ня будзе даравана ані ў гэтым веку, ані ў прыйдучым.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
«Або прызнайце дзерва за добрае і плод яго за добры; або прызнайце дзерва за папсаванае і плод яго за папсаваны; бо пазнаюць дзерва з плоду.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Родзе гадавы! як вы можаце гукаць добрае, будучы благімі? Бо ад паўніні сэрца гукаюць вусны.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Добрая людзіна з добрага скарбу выносе добрае; а благая людзіна з благога скарбу выносе благое.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Кажу ж вам, што за кажнае пустое слова, якое скажуць людзі, здадуць яны лічбу ў дзень судны;
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Бо із словаў сваіх аправішся і із словаў сваіх будзеш засуджаны».
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Тады некатрыя з кніжнікаў а фарысэяў адказалі, кажучы: «Вучыцелю! хочам ад Цябе пазнаку бачыць».
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
Але Ён, адказуючы, кажа ім: «Род благі а чужаложны шукае пазнакі, і пазнака ня дасца яму, апрача пазнакі Ёны прарокі;
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Бо як Ёна быў у бруху кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Людзкі будзе ў сэрцу зямлі тры дні і тры ночы.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Нінявяне стануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад казані Ёнінае; а вось, тут вялікшы за Ёну.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Караліца паўднявая стане на суд із родам гэтым і засудзе яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьць Салямонаву; і вось, тут вялікшы за Салямона.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
«Калі нячысты дух выйдзе зь людзіны, то ходзе па бязводных месцах, шукаючы супачынку, і не знаходзе;
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
Тады кажа: ’Зьвярнуся да дому свайго, скуль я вышаў’; і, прышоўшы, знаходзе незанятым, замеценым а прыбраным;
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады йдзець і бярэць із сабою сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе, і, увыйшоўшы, жывуць там; і бывае людзіне тэй апошняе горшае за першае. Гэтак будзе і з гэтым родам благім».
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Вось, як Ён яшчэ гукаў да грудоў, Маці а браты ягоныя стаялі вонках, шукаючы гутарыць ізь Ім.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
І хтось сказаў Яму: «Вось, Маці Твая а браты Твае стаяць вонках, шукаючы гутарыць із Табою».
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
Ён жа адказаў таму, хто казаў Яму: «Хто маці Мая? і хто браты Мае?»
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
І, паказаўшы рукою Сваёй на вучанікаў Сваіх, сказаў: «Во маці Мая а браты Мае;
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
Бо хто будзе паўніць волю Айца Майго Нябёснага, тый Імне брат а сястра а маці».
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.