Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: «Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу».
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
Ён жа сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім?
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных.
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю.
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
Ён жа сказаў ім: «Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне?
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро».
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
Тады кажа таму чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх.
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго,
і забараніў ім расказваць пра Яго:
каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і Ён абвесьціць народам суд.
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць.
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
А фарысэі, пачуўшы, казалі: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў».
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня будзе стаяць.
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае?
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі.
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду.
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: «Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак».
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым».
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
А нехта сказаў Яму: «Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою».
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: «Хто маці Мая, і хто браты Мае?»
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці».
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.