Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху.
Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя.
пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею.
неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі.
а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!”
Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».
Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае.
Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”.
А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць».
А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”.
А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе».
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!”
Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам».
Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”.
Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас».
Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю.
Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў.
і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другія пяць талентаў.
Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два.
гэтак сама і той з двума набыў другія два;
А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю і схаваў срэбра пана свайго.
а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”.
І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх».
А пан ягоны прамовіў да яго: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты даў мне, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”.
Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх».
Прамовіў да яго пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў.
Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў;
І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю; вось, трымай тваё”.
і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё».
Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў;
Дык мусіў ты аддаць срэбра маё купцам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.
таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў.
Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго.
бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”.
а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету.
Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне,
бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі?
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі?
калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?”
калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».
І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».
Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным:
Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне;
бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”.
быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».
Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?”
Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”.
Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».
І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».
І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.