Мацьвея 26 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім:
 
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

«Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне».
 
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.

Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на панадворак першасьвятара на імя Каяфа.
 
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,

І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць.
 
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;

Але казалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе».
 
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага.
 
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,

Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў.
 
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.

Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: «Навошта гэткае марнаваньне?
 
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?

Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім».
 
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: «Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
 
Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;

Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце.
 
бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;

Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё.
 
бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;

Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
 
праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў.
 
Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў

Ён сказаў: «Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?» А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў.
 
і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго.
 
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: «Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?»
 
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?

Ён жа сказаў: «Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'”».
 
Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».

І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху.
 
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.

А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю.
 
Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

І, калі яны елі, Ён сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне».
 
І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: «Ці ня я, Госпадзе?»
 
Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?

Ён жа, адказваючы, сказаў: «Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне.
 
А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;

Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты».
 
зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.

Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў».
 
У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.

Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: «Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё».
 
А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.

І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
 
І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;

бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў.
 
бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.

Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго».
 
Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную.
 
І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

Тады кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”.
 
Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».

Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
 
А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.

Адказваючы, Пётар сказаў Яму: «Калі і ўсе згоршацца праз Цябе, я ніколі ня згоршуся».
 
У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.

Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 
Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

Кажа Яму Пётар: «Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Таксама гаварылі і ўсе вучні.
 
Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там».
 
Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Заўдыя, пачаў тужыць і сумаваць.
 
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

Тады кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною».
 
Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты».
 
І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною?
 
І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?

Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае».
 
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: «Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!»
 
Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.

І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі.
 
І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова.
 
І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.

Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
 
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
 
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.

І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў і старшыняў народу.
 
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.

А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго».
 
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.

І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго.
 
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.

А Ісус сказаў яму: «Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?» Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
 
Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.

І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха.
 
І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.

Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць.
 
Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;

Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
 
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?»
 
як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?

У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне.
 
У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.

А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
 
А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

А тыя, што схапілі Ісуса, завялі [Яго] да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні.
 
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да панадворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец.
 
А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго,
 
Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;

і не знаходзілі. І многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі,
 
і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі

сказалі: «Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”».
 
і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».

І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
 
І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?

А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам Жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?»
 
А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных».
 
Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: «Ён блюзьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьнерства Ягонае.
 
Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!

Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты сьмерці».
 
Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.

Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках,
 
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.

кажучы: «Прароч нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?»
 
І казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?

А Пётар сядзеў звонку, на панадворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейцам».
 
А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.

Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: «Ня ведаю, што ты кажаш».
 
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.

Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: «І гэты быў з Ісусам з Назарэту».
 
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.

І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага.
 
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.

Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: «Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе».
 
Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень.
 
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.

І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: «Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка.
 
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.