Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі Езус скончыў усе гэтыя словы, сказаў сваім вучням:
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
«Ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
Тады першасвятары і старэйшыны народу сабраліся на дзядзінцы першасвятара, якога звалі Каяфам.
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
Яны правялі нараду, як подступам схапіць Езуса і забіць.
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
Але казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
Калі ж Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона,
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконам каштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён быў за сталом.
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
Убачыўшы гэта, вучні абурыліся і сказалі: «Навошта гэткае марнатраўства?
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
Можна было б дорага прадаць гэта і раздаць убогім».
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
Але Езус, убачыўшы гэта, сказаў ім: «Чаму дакучаеце жанчыне? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак.
Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.
бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
Праліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне.
бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, сказана будзе і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй».
праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў
Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў.
і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху?»
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю пасху з вучнямі Маімі”».
Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
Калі ж настаў вечар, Ён з Дванаццаццю заняў месца ля стала.
Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?»
Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».
зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».
У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё».
А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў.
бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».
Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару.
І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”.
Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі».
А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся».
У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.
Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там».
Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу.
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною».
Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты».
І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною?
І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое».
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая».
Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя.
І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы.
І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу.
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!»
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго.
Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха.
І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне.
Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;
Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?»
як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне».
У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.
А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго,
Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое
і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”».
і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»
І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?»
А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».
Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае.
Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!»
Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
і казалі: «Прароч нам, Хрыстэ, хто ўдарыў Цябе?»
І казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «І ты быў з Езусам з Галілеі!»
А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!»
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!»
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!»
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе».
Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень.
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.