Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні.
І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
А Ён сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
Калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні асобна, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прыйсця і сканчэння свету?»
Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
Адказваючы, Езус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто не звёў вас.
І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстус”, і многіх звядуць.
бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
Вы пачуеце пра войны і весткі з войнаў. Глядзіце, не палохайцеся, бо так павінна адбыцца. Але гэта яшчэ не канец.
Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
Бо народ паўстане на народ, і каралеўства на каралеўства, і ў розных месцах узнікнуць паморак і землятрусы.
бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
Усё гэта — пачатак пакутаў.
А ўсё гэта — болесны пачатак.
Пасля аддадуць вас на ўціск і будуць забіваць вас, і зненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
Тады шмат хто зняверыцца, і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго.
І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
І паўстане шмат фальшывых прарокаў, і яны шмат каго звядуць.
і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне.
і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
І гэта Евангелле Валадарства будзе абвешчана па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады настане канец.
І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, — хто чытае, хай разумее, —
тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
хто будзе на даху, няхай не спускаецца ўзяць рэчы з дому свайго.
і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
А хто на полі, няхай не вяртаецца ўзяць вопратку сваю.
і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Маліцеся, каб вашы ўцёкі не прыпалі на зіму ці на шабат.
Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
Таму што будзе тады вялікая туга, якой не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе.
бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.
І калі б не скараціліся тыя дні, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных скароцяцца дні гэтыя.
І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
Тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус”, — ці: “Там”, — не верце!
Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», — ня верце;
Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных.
бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
Вось, Я прадказаў вам.
Вось, Я наперад сказаў вам.
А калі вам скажуць: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце. Або: “Вось, Ён у патаемных пакоях”, — не верце.
Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», — ня верце;
Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага.
бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
Бо там, дзе трупы, збяруцца арлы.
бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
Адразу пасля нядолі тых дзён зацемніцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі пападаюць з неба, і пахіснуцца нябесныя сілы.
І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
Тады на небе з’явіцца знак Сына Чалавечага, і загалосяць усе зямныя плямёны, і ўбачаць, як Сын Чалавечы прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю ў славе.
і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
Ён пашле анёлаў сваіх з моцным гучаннем трубы, і збяруць выбраных Яго з чатырох бакоў свету, з аднаго краю нябёс да другога.
і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
Так і вы, калі ўсё гэта ўбачыце, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;
А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.
а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,
Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага;
Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.
Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.
Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой.
Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час?
Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”,
А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі,
і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, —
то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае.
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.