Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася, калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён вучням Сваім:
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
«Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народа ў палац першасвятара, званага Каяфам,
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
і радзіліся, як бы Ісуса ўзяць подступам і забіць.
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
Казалі аднак: «Не ў дзень святочны, каб не выклікаць абурэння ў народзе».
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
А калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага,
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
падышла да Яго жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку, і пачала ліць Яму на галаву, калі Ён узлягаў.
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
Бачачы гэта, вучні Яго разгневаліся і казалі: «Нашто гэтае марнатраўства?
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
Бо можна было дорага прадаць гэты алей і раздаць убогім».
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
А Ісус, ведаючы пра гэта, гаворыць ім: «Што вы надакучаеце гэтай жанчыне? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.
бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
Яна, выліваючы гэты алеек на Маё цела, учыніла гэта для пахавання Майго.
бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
Сапраўды кажу вам, дзе будзе прапаведана гэтае Евангелле па ўсім свеце, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».
праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
Тады адышоў адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, да першасвятароў
Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
і гаворыць ім: «Што дасце мне, і я вам выдам Яго?» А яны дамовіліся з ім на трыццаць срэбранцаў.
і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
І ад гэтай гадзіны ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго.
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
У першы дзень праснакоў прыйшлі да Ісуса вучні Яго, кажучы Яму: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці Пасху?»
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
І Ён сказаў ім: «Ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: “Час Мой блізкі, у цябе ўчыню Я Пасху з вучнямі Маімі”».
Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
І вучні зрабілі, як ім загадаў Ісус, і прыгатавалі Пасху.
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
А калі звечарэла, Ісус разам з дванаццаццю ўзлёг.
Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
І, калі яны вячэралі, сказаў: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне».
І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: «Ці не я гэта, Госпадзе?»
Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Хто апускае са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся».
зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
І, адказваючы, Юда, які Яго выдаў, сказаў: «Ці не я гэта, Рабі?» Гаворыць яму: «Ты сказаў».
У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
І, калі яны елі, узяў Ісус хлеб, і дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням, і гаворыць: «Прыміце, ежце, гэта ёсць Цела Маё».
А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: «Піце з гэтага ўсе.
І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
Бо гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на дараванне грахоў.
бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
Кажу вам, што ад гэтай гадзіны не буду піць з гэтага вінаграднага плода аж да таго дня, калі з вамі буду піць новае ў Валадарстве Айца Майго».
Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
І, праспяваўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.
І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
Тады гаворыць ім Ісус: «У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: “Удару пастыра, і разбягуцца авечкі статка”.
Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
Але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».
А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
І, адказваючы, Пётра гаворыць Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я ніколі не згоршуся».
У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
Гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш чым певень запяе, ты тры разы зрачэшся Мяне».
Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
Гаворыць Яму Пётра: «Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, не зракуся Цябе». Падобна казалі і ўсе вучні.
Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Потым прыйшоў Ісус з імі ў сяленне, якое завуць Гетсэмань. І кажа Ён вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я пайду туды і памалюся».
Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
І, узяўшы Пётру і двух сыноў Зебядзеевых, пачаў сумаваць і журыцца.
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
Тады гаворыць Ён ім: «Журботная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце разам са Мной».
Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
І, адышоўшы крыху, упаў на твар Свой, молячыся і кажучы: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, хай абміне Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, а як Ты».
І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
І прыйшоў Ён да вучняў, і ўбачыў, што яны спяць, і кажа Пётры: «Ці так не змаглі вы адну гадзіну не спаць разам са Мной?
І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
Чувайце і маліцеся, каб не ўвайшлі вы ў спакусу: бо дух бадзёры, а цела кволае».
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
І адышоўся другі раз, і маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа гэта чара абмінуць Мяне, каб Я не піў яе, хай будзе воля Твая».
Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
І вярнуўся зноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі пацяжэлыя.
І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
І, пакінуўшы іх і адышоўшы, маліўся трэці раз, тыя самыя словы кажучы.
І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
Потым прыйшоў да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы яшчэ спіце і адпачываеце; вось, надышла гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
Падыміцеся, пойдзем: вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
А калі Ён яшчэ гаварыў, вось, Юда, адзін з дванаццаці, падышоў, а з ім вялікі натоўп з мечамі і палкамі, накіраваны першасвятарамі і старэйшынамі народа.
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
Той жа, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго».
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: «Прывітаны будзь, Рабі!» і пацалаваў Яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
А Ісус сказаў яму: «Дружа, пашто прыйшоў?» Тады кінуліся яны, і ўсклалі рукі на Ісуса, і схапілі Яго.
Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
І, вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы паслугача першасвятара, адсёк яму вуха.
І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
Тады гаворыць яму Ісус: «Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што возьмуць меч, пагінуць ад меча.
Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;
Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Але як жа тады збудуцца Пісанні, што так мусіць стацца?»
як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
У той час сказаў Ісус народу: «Ці не так, як на разбойніка, выйшлі вы з мечамі і каламі, каб Мяне ўзяць? Штодня сядзеў Я, навучаючы ў святыні, і вы не схапілі Мяне».
У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
Усё гэта сталася, каб споўніліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А тыя, што схапілі Ісуса, павялі Яго да Каяфы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Пётра ішоў за Ім здалёку аж да двара першасвятара. І, увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сядзеў з паслугачамі, каб убачыць канец.
А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
А першасвятары, і старэйшыны, і ўся рада шукалі фальшывага сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць,
Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сведкаў. Нарэшце двое фальшывых сведкаў, прыйшоўшы,
і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
сказалі: «Ён сказаў: “Я магу разбурыць святыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе”».
і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
І, падняўшыся, першасвятар гаворыць Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»
І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
Але Ісус маўчаў. І першасвятар гаворыць Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты нам сказаў, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?»
А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Аднак кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Магутнасці і прыходзіць на аблоках нябесных».
Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
Тады першасвятар, разадраўшы шаты свае, сказаў: «Ён зблюзніў! Нашто яшчэ нам патрэбны сведкі? Цяпер вы чулі блюзненне Яго.
Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Варты смерці!»
Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
Тады плявалі у твар Яму і білі Яго кулакамі, а іншыя далонямі па твары Яго білі,
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
кажучы: «Праракуй нам, Хрысце, хто Цябе ўдарыў?»
І казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
А Пётра сядзеў звонку на падворку. Адна ж служка падышла да яго, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілеянінам».
А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
А ён зрокся перад усімі, кажучы: «Я не ведаю, што ты кажаш».
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
А калі ён выходзіў з дзвярэй, другая ўбачыла яго і гаворыць тым, хто былі там: «І ён быў з Ісусам з Назарэта».
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
Ён ізноў зрокся з прысягай: «Я не ведаю Гэтага Чалавека».
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пётры: «Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе».
Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
Тады пачаў ён клясціся і прысягаць: «Я не ведаю Гэтага Чалавека». І зараз запяяў певень.
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
І прыгадаў Пётра слова Ісуса, сказаннае яму: «Перш чым певень запяе, ты тройчы зрачэшся Мяне». І, выйшаўшы вонкі, ён горка заплакаў.
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.