Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І падышлі да Яго фарысеі і садукеі, і, выпрабоўваючы, прасілі Яго, каб паказаў ім знак з неба.
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
І Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Калі вечарэе, кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
А раніцай: “Сёння навальніца, бо неба пахмурнела”. Крывадушнікі, Выгляд неба вытлумачыць вы ўмееце, а знакаў часу не можаце.
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
Племя ліхое і чужаложнае знака шукае, ды іншы знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адышоўся.
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
А калі паплылі вучні Яго праз мора, забыліся ўзяць хлябоў.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
І сказаў ім Ісус: «Чувайце, асцерагайцеся кіслі фарысеяў і садукеяў».
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
А яны разважалі між сабой, кажучы: «Хлябоў мы не ўзялі».
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Ісус, ведаючы гэта, сказаў: «Што вы, малаверы, разважаеце між сабой, што хлябоў не маеце?
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек? І колькі кашоў назбіралі?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы чалавек? І колькі корабаў набралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Няўжо вы не разумееце, што Я не пра хлябы вам гаварыў: “Сцеражыцеся кіслі фарысеяў і садукеяў”»?
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім, каб не кіслі хлебнай асцерагаліся, але навукі фарысеяў і садукеяў.
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
І прыйшоў Ісус у межы Цэзарэі Піліпавай, і спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «За каго лічаць людзі Мяне, Сына Чалавечага?»
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
А яны сказалі: «Адны за Яна Хрысціцеля, другія за Іллю, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў».
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
Кажа Ён ім: «А вы як кажаце, кім Мяне называеце?»
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
Адказваючы, Сімон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
А Ісус, адказваючы, сказаў: «Дабраславёны ты, Сімон Бар Ёна, бо не цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец Мой, Які ў небе.
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
І Я табе кажу: “Ты — Пётра, і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
Ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе”».
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
Потым загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён Ісус Хрыстос.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Ад гэтага часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што трэба Яму ісці ў Ерузалім, і многа цярпець ад старэйшын і ад першасвятароў і кніжнікаў, ды быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
І, адвёўшы Яго, Пётра пачаў Яго папракаць, кажучы: «Пашкадуй Сябе, Госпадзе, да не прыйдзе гэта на Цябе».
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
А Ісус, павярнуўшыся, сказаў Пётры: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае».
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Тады сказаў Ісус вучням Сваім: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мной.
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй шкоду ўчыніць? Або што чалавек дасць наўзамен за душу сваю?
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі і тады аддасць кожнаму паводле спраў яго.
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у Валадарстве Сваім».
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.