Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай».
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі?
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?»
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але вучэньня фарысэйскага і садукейскага.
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?»
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў».
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе.
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе».
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!»
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае».
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.