Мацьвея 19 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.
 
І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана.

І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.
 
За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.

І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»
 
І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?
 
Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю?

І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.
 
І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоцьцю адною,

Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, тое чалавек няхай не разлучае».
 
так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»
 
Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю?

Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.
 
Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так.

А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».
 
Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць.

Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».
 
Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.

Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.
 
А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,

Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».
 
бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць.

Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
 
Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.

А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».
 
Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.

І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
 
І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»
 
І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?

Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».
 
А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў.

Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;
 
Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва;

шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».
 
шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.

Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»
 
Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?

Ісус прамовіў да яго: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».
 
Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.

Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.
 
Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.
 
А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае;

Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
 
і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»
 
Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца?

А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
 
А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.

Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»
 
Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам?

А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.
 
А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, — у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;

І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.
 
і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.

Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
 
А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.