Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлехэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось, прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім,
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».
дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе належыць Хрысту нарадзіцца.
І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
А яны яму сказалі: «У Бэтлехэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
“І ты, Бэтлехэм, зямля Юдава, ніякім чынам не меншая між княствамі Юдавымі, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем”».
«І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».
Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час з’яўлення зоркі
Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
ды, адпраўляючы іх у Бэтлехэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, ішла наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.
Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікаю.
Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.
і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад мае намер шукаць Дзіця, каб забіць Яго».
Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і адышоў у Егіпет.
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».
і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «Зь Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлехэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
«Чуецца голас у Раме, лямант, плач і галашэнне вялікае: Ракель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма».
«Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».
Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,
А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці».
і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.
Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: «Назарэем будзе звацца».
і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.