Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
У той час праходзіў Іісус у суботу праз пасе́вы, а вучні Яго згалада́ліся і пачалí зрываць каласы́ і есці.
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
А Ён сказаў ім: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы́ выстаўле́ння, якіх нельга было́ есці ні яму, ні тым, што былí з ім, а толькі адным святара́м?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
І хіба́ не чыталі вы ў законе, што па суботах святары́ ў храме паруша́юць суботу, аднак невінава́тыя?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Але кажу вам, што тут Той, Хто бо́льшы за храм.
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
Калі б ведалі вы, што́ азначае: «мíласці хачу, а не ахвяры», то не асудзíлі б невінава́тых.
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
Бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
І, адышоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
І вось, там быў чалавек, які меў сухую руку́. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаля́ць у суботы? — каб абвінава́ціць Яго.
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас чалавек, які, ма́ючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, не во́зьме і не вы́цягне яе?
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Наколькі ж чалавек больш ва́рты за авечку! Так што можна ў суботы дабро рабіць.
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку́ тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
А фарысеі, выйшаўшы, учынíлі змову су́праць Яго, як Яго загубíць. Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
І пайшло ўслед за Ім мноства народу, і Ён ацалíў іх усіх,
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
і забараніў ім абвяшча́ць пра Яго;
і забараніў ім расказваць пра Яго:
каб збыло́ся ска́занае праз прарока Ісаію, які кажа:
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
«Вось, Слуга Мой, Якога Я вы́браў; Узлю́блены Мой, Якога ўпадаба́ла душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і Ён суд народам абве́сціць;
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
не будзе пярэ́чыць, і не будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго;
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
трысцíны надлама́най не перало́міць, і кно́та, які тле́е, не пату́шыць, пакуль не давядзе правасу́ддзе да перамогі;
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
і на імя́ Яго будуць спадзява́цца народы».
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
Тады прывялі да Яго апанава́нага дэманам сляпога і нямога; і Ён ацаліў яго, так што сляпы і нямы́ пачаў гаварыць і ба́чыць.
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганя́е дэманаў не інакш, як сілаю веельзеву́ла, князя дэманскага.
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
Але Іісус, ведаючы по́мыслы іх, сказаў ім: усякае царства, раздзе́ленае само́е су́праць сябе, запусце́е; і ўсякі горад або дом, раздзе́лены сам су́праць сябе, не ўстаíць.
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
І калі сатана сатану выганя́е, то ён раздзялíўся сам у сабе, як жа ўстаíць царства яго?
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
І калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
Калі ж Я Духам Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады дом яго абрабу́е?
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Хто не са Мною, той су́праць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскіда́е.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзне́рства дару́юцца лю́дзям; а супраць Духа блюзне́рства не дару́ецца лю́дзям.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дару́ецца яму; а калі хто скажа супраць Духа Святога, не дару́ецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Альбо прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызна́йце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо дрэва па плодзе пазнае́цца.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Адроддзе яхíдніна?! як вы можаце добрае казаць, бу́дучы ліхíмі? Бо ад перапоўненасці сэ́рца гавораць ву́сны.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Добры чалавек з добрай ска́рбніцы выносіць добрае; а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы выно́сіць ліхо́е.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Кажу ж вам, што за кожнае ма́рнае слова, якое прамо́вяць людзі, дадуць яны адказ у дзень су́дны.
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Бо з-за слоў сваіх будзеш апраўда́ны і з-за слоў сваіх будзеш асу́джаны.
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Тады ў адказ некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі: Настаўнік! мы хочам ад Цябе знаме́нне ўбачыць.
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
А Ён сказаў ім у адказ: род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае; ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іоны прарока.
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Бо як Іона быў у чэ́раве ў кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэ́рцы зямлі тры дні і тры ночы.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іонаву; і вось, тут бо́льшае за Іону.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Царыца по́ўдня ўстане на судзе́ з родам гэтым і асу́дзіць яго, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
Тады ён кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, застае́ яго пустым, падме́ценым і прыбра́ным.
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му.
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго стаялі звонку, хочучы пагаварыць з Ім.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ́ стаяць, хочучы пагаварыць з Табою.
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая́? і хто браты Мае́?
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая́ і браты Мае́.
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
Бо хто будзе выко́нваць волю Айца Майго, Які на нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.