Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалí Яго Понцію Пілату, правíцелю.
і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,
Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.
кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.
І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крывí.
Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.
І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
Таму і называецца поле тое «полем крывí» па сённяшні дзень.
таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;
Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамíю, які кажа: «і ўзялí трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацанíлі сыны́ Ізра́ілевы,
тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
і далí іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь».
і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
Іісус жа стаў перад правíцелем. І запыта́ў у Яго правíцель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?
Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што правíцель вельмі здзіўляўся.
І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
А на свята правíцель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.
А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.
Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.
Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.
Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубíць.
Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
Тады правíцель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.
Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
Правíцель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчынíў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!
А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крывí Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
Тады воіны правíцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,
Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго багранíцу;
і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далí Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумíліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!
і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.
і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.
І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сíман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чэ́рапа»,
І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,
далí Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.
далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
Тыя, што распя́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя;
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.
і, седзячы, вартавалі Яго там;
І змясцíлі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі
А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.
і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;
іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.
Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
Ад шостай жа гадзíны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
А каля дзевятай гадзíны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілí, Ілí! лама́ савахфанí? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лама савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.
Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.
І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.
а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусцíў дух.
А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху данíзу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;
І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;
і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і явíліся многім.
і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.
А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
Былí там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;
Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
сярод іх былí Марыя Магдалíна і Марыя, маці Іакава і Іасíі, і маці сыноў Зевядзе́евых.
сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;
Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.
ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчанíцаю
І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалíўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
Была́ ж там Марыя Магдалíна і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.
Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата
На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата
і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: «праз тры дні ўваскрэ́сну».
і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;
Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс з мёртвых». І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.
дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.
А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.
Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.
Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.