Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыя народу зрабілі нараду проціў Езуса, каб зрабіць яму сьмерць.
і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалí Яго Понцію Пілату, правíцелю.
І зьвязаўшы, завялі яго і аддалі Понцыю Пілату, начальніку.
Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,
Тады Юдаш, які выдаў яго, бачачы, што ён быў засуджаны, праняты жалем, аднёс трыццаць сярэбранікаў вышэйшым сьвятарам і старшым,
ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.
кажучы: Саграшыў я, выдаючы нявінную кроў. А яны сказалі: Што нам? Ты сябе глядзі.
І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.
І кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся.
Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крывí.
А вышэйшыя сьвятары, узяўшы сярэбранікі, сказалі: Нельга іх класьці ў скарбону, бо гэта заплата за кроў.
І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.
І зрабіўшы нараду, купілі за іх поле ганчара, на хаваньне падарожных.
Таму і называецца поле тое «полем крывí» па сённяшні дзень.
Дзеля гэтага тое поле завецца Гацэльдама, што значыць: Поле крыві, аж па сяньняшні дзень.
Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамíю, які кажа: «і ўзялí трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацанíлі сыны́ Ізра́ілевы,
Тады споўнілася, што было сказана праз Ерэмія прарока, (Ер. 32:8), кажучага: «І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату Ацененага, якога ацянілі сыны Ізраіля,
і далí іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь».
і далі іх за ганчарова поле, як пастанавіў мне Пан».
Іісус жа стаў перад правíцелем. І запыта́ў у Яго правíцель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
Езус-жа стануў перад начальнікам. І спытаўся ў яго начальнік, кажучы: Ты кароль Юдэйскі? Сказаў яму Езус: Ты кажаш.
І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
І калі вінавацілі яго вышэйшыя сьвятары і старшыя, нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?
Тады сказаў яму Пілат: Ня чуеш, як многа сьведчаць проціў цябе?
І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што правíцель вельмі здзіўляўся.
І не адказаў яму на ніводнае слова, так што начальнік моцна дзівіўся.
А на свята правíцель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.
На дзень жа сьвяточны начальнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязня, якога-б яны захацелі.
Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.
А меў ён тады выдатнага вязня, каторы называўся Барабба.
І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
Дык калі яны сабраліся, сказаў Пілат: Каго хочаце, каб вам пусьціць: Бараббу, ці Езуса, каторы завецца Хрыстус:
Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.
Бо ведаю, што выдалі яго праз завісьць.
Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.
Калі-ж ён сядзеў у судовішчы, паслала да яго жонка ягона, кажучы: Ня рабі нічога гэтаму справядліваму, бо я сягоньня праз сон многа цярпела дзеля яго.
Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубíць.
А вышэйшыя сьвятары і старшыя нагаварылі народ, каб прасілі Бараббу, а Езуса загубілі.
Тады правíцель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.
І адазваўшыся, начальнік сказаў ім: Каго з двух хочаце, каб вам пусьціць? Яны-ж сказалі: Бараббу.
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!
Сказаў ім Пілат: Што-ж я зраблю з Езусам, каторы завецца Хрыстус?
Правíцель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчынíў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!
Сказалі ўсе: Няхай будзе ўкрыжаваны!
Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крывí Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
Пілат-жа, бачачы, што нічога не памагае, але робіцца яшчэ большае забурэньне, узяўшы вады, адмыў рукі перад народам, кажучы: Невінаваты я ў крыві гэтага справядлівага; вы глядзеце.
І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
І адказваючы ўвесь народ сказаў: Кроў яго на нас і на дзяцей нашых!
Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
Тады пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага выдаў ім, каб быў укрыжаваны.
Тады воіны правíцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,
Тады жаўнеры начальніка, узяўшы Езуса ў дварышча суду, сабралі да яго ўсю роту.
і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго багранíцу;
І разьдзеўшы яго, апранулі яго ў чырвоны плашч;
і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далí Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумíліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!
і сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву, і трысьціну ў правую руку яго. І зьгінаючы перад ім калені, насьмяхаліся з яго, кажучы: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі.
І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.
І плюючы на яго, бралі трысьціну і білі яго па галаве.
І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.
І потым як і насьмяяліся з яго, зьнялі з яго плашч і адзелі яго ў ягонае адзеньне, і павялі яго, каб укрыжаваць.
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сíман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.
Выходзячы-ж спаткалі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; гэтага прымусілі, каб нёс крыж ягоны.
І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чэ́рапа»,
І прыйшлі на месца, якое завецца Голгота, што значыць: месца Трупнога Чэрапу.
далí Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.
І далі яму піць віно, зьмешанае з жоўцяй; і калі пакаштаваў, не хацеў піць.
Тыя, што распя́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя;
А калі ўкрыжавалі яго, падзялілі ягонае адзеньне, кідаючы лёс, каб споўнілася, што было сказана праз прарока, кажучага: «Падзялілі сабе адзеньне маё, а над сукняй маею кідалі лёс».
і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.
І сеўшы, пільнавалі яго
І змясцíлі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
І памясьцілі над галавою яго напісаную віну яго: Гэта Езус, кароль Юдэйскі.
Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
Тады былі ўкрыжаваны з ім два разбойнікі: адзін па правай руцэ, а другі па левай.
А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі
А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі
і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.
і кажучы: Гэй, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні яе адбудоўваеш, ратуй самога сябе; калі ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа!
Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
Таксама і вышэйшыя сьвятары з кніжнікамі і старшымі, насьміхаючыся, казалі:
іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;
Другіх ратаваў, сябе самога ня можа паратаваць! Калі ён кароль Ізраільскі, няхай цяпер зыйдзе з крыжа і мы паверым яму.
спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
Спадзяваўшыся на Бога; няхай цяпер выбавіць яго, калі хоча; бо казаў: «Што я ёсьць Сын Божы».
Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.
Таксама і разбойнікі, што былі ўкрыжаваны з ім, зьневажалі яго.
Ад шостай жа гадзíны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
Ад шостае гадзіны настала цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.
А каля дзевятай гадзíны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілí, Ілí! лама́ савахфанí? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
І каля гадзіны дзевятай закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: «Елі, Елі, ламма сабактгані», што значыць: Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?
Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.
А некаторыя там стоячы і чуючы, казалі: Гэты кліча Гальяша.
І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.
І зараз-жа адзін з іх, пабегшы, узяў губку, насадзіў на трысьціну і даў яму піць.
Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.
А другія казалі: Чакай, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць яго.
Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусцíў дух.
Езус-жа, ізноў закрычаўшы вялікім голасам, аддаў душу.
І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху данíзу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;
І вось заслона сьвятыні разьдзёрлася на дзьве часьці ад верху аж да нізу; і зямля затраслася, і скалы патрэскаліся.
і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;
І адчыніліся грабы і многа целаў сьвятых, што паснулі, устала;
і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і явíліся многім.
і выйшаўшы з грабоў пасьля ягонага ўскрашэньня, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім.
Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.
Сотнік-жа і тыя, што з ім былі, сьцерагучы Езуса, угледзеўшы землетрасеньне і тое, што сталася, спалохаліся моцна і казалі: Сапраўды гэты быў Сынам Божым.
Былí там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;
Было-ж там многа жанчын здалёк, якія былі пайшоўшы за Езусам ад Галілеі, служачы яму;
сярод іх былí Марыя Магдалíна і Марыя, маці Іакава і Іасíі, і маці сыноў Зевядзе́евых.
між каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба і Язэпа, і матка сыноў Зэбэдэявых.
Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы і сам быў вучнем Езуса.
ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.
Гэты прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчанíцаю
І ўзяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалíўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.
і палажыў яго ў сваім новым гробе, які быў высекшы ў скале; і прываліў вялікі камень да ўваходу ў гроб, і адыйшоў.
Была́ ж там Марыя Магдалíна і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.
Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, седзячы насупроць гробу.
На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата
А на заўтрашні дзень, што ёсьць пасьля Прыгатаваньня, сабраліся вышэйшыя сьвятары і фарызэі да Пілата,
і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: «праз тры дні ўваскрэ́сну».
кажучы: Пане, мы прыпомнілі, што гэны зводнік яшчэ жывучы сказаў: «Цераз тры дні я ўваскрэсну».
Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс з мёртвых». І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.
Дык загадалі пільнаваць гроб аж да трэцяга дня, каб часам ня прыйшлі вучні ягоны, ня ўкралі яго, і не сказалі народу: Устаў з умерлых — і будзе апошняя памылка горшая за першую.
Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.
Сказаў ім Пілат: Маеце стражу, ідзеце, пільнуйце, як умееце.
Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.
Яны-ж, пайшоўшы, абясьпечылі гроб стражай, апячатаўшы камень.