Мацьвея 11 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у ме́стах іх.
 
І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.

Іоан жа, пачуўшы ў вязьніцы аб дзе́яньнях Хрыстовых, паслаў двух вучняў сваіх
 
А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх

сказаць Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
 
сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, абвясьціце Іоану, што́ чуеце і бачыце.
 
І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:

Сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогія абвяшчаюць Эвангельле.
 
сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,

І шчасьлівы, хто не спакусіцца праз мяне́.
 
і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.

Калі-ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Іоана: чаго глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, што ад ве́тру хістаецца?
 
Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

Што-ж убачыць хадзілі вы? можа чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія адзе́жы? Вось тыя, што адзяю́цца ў мяккія адзе́жы, знаходяцца ў царскіх харо́мах.
 
Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.

Што-ж убачыць хадзілі вы? прарока? Запраўды́ кажу вам: і больш за прарока.
 
Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.

Бо ён той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малахія 3:1).
 
Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».

Запраўды́ кажу вам: з роджаных жанчынамі не паўставаў вялікшы за Іоана Хрысьціцеля; але найме́ншы ў царстве нябе́сным вялікшы за яго.
 
Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.

Ад дзён Іоана Хрысьціцеля дагэтуль царства нябе́снае сілаю дасягаецца, і гвалтаўнікí захопліваюць яго.
 
Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;

Бо ўсе́ прарокі й закон прарочылі да Іоана.
 
бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.

І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому нале́жыць прыйсьці.
 
І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.

Хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
 
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

Але каму ўпадо́блю род гэты? Ён падобен да хлапчаня́таў, што сядзяць на рынку і, зварачаючыся да сваіх сяброў,
 
Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,

кажуць: мы йгралі вам на жале́йцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі.
 
кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».

Бо прыйшоў Іоан, які ня е́сьць, ня п’е́; і кажуць: у ім злы дух.
 
Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е; і кажуць: «у ім дэман».

Прыйшоў Сын Чалаве́чы, які е́сьць і п’е́; і кажуць: вось чалаве́к, які любіць е́сьць і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць дзяцьмі яе́.
 
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.

Тады пачаў Ён дакара́ць ме́сты, у якіх найбале́й вы́явілася моц Яго, за тое, што яны не пака́яліся.
 
Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.

Го́ра табе́, Харазін! го́ра табе́, Віфсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне вы́явілася моц, што вы́яўлена ў вас, то даўно б яны ў валасяніцы і ў по́пелі пака́яліся.
 
Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;

Але кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў дзе́нь судны, чымся вам.
 
але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.

І ты, Капэрнаум, што ажно да не́ба ўзьнёсся, ажно да пе́кла ўпадзе́ш, бо, калі-б у Садоме вы́явілася моц, вы́яўленая ў табе́, то ён ператрываў бы па сёньняшні дзе́нь.
 
І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;

Дык жа кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзе́нь судны, чымся табе́.
 
але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.

І, адказываючы, у той час Ісус сказаў: сла́ўлю Цябе́, Аце́ц, Госпад не́ба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзе́цям
 
Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;

Так, Аце́ц, бо гэткая была Твая добрая воля.
 
так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.

Усё Мне́ перада́на Айцом Маім, і ніхто ня знае Сына апрача Айца; і Айца ня знае ніхто апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць.
 
Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.

Прыйдзе́це да Мяне́ ўсе́ працуючыя і абцяжоныя, і Я супакою вас.
 
Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;

Вазьме́це ярмо Маё на сябе́ і наўчыцеся ад Мяне́: бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым.
 
вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;

Бо ярмо Мае́ любае і цяжар Мой лёгкі.
 
бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.