Да Габрэяў 1 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Бог, які многакротна і рознымі спосабамі прамаўляў здаўна да айцоў праз прарокаў,
Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога наставіў за насьле́дніка ўсяго, праз Якога й вякі стварыў.
у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
Той, будучы зьяньнем славы і ўзорам пастаці Яго, усё словам сілы Свае́й носячы, учыніўшы цераз Сябе́ ачышчэньне грахоў нашых, се́ў праваруч ве́лічы на вышынях,
Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
дасканальшы за Ангелаў нагэтулькі, наколькі слаўне́йшае за іх дастаў у спадчыне імя.
будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
Бо каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Ты — Сын Мой, сягоньня Я цябе́ спарадзіў, — і яшчэ: Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне́ Сынам? (Псальм 2:7; 2 Царств 7:14.)
Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
Калі-ж ізноў уводзіць Першароднага ў сусьве́т, кажа: І няхай паклоняцца Яму ўсе́ Ангелы Божыя (Псальм 96:7).
Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
Да Ангелаў жа кажа: Ты Ангеламі Сваімі духаў робіш і служкамі Сваімі — полымя агнявое (Псальм 103:4).
Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».
А аб Сыне: Пасад Твой, Божа, па ве́к ве́чны; па́ліца пра́васьці — па́ліца царства Твайго.
А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
Ты праўду палюбіў і зьненавідзіў беззаконьне; дзеля гэтага памазаў Цябе́, Божа, Твой Бог але́ем радасьці бале́й за супольнікаў Тваіх (Псальм 44:7−8).
Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;
І: напачатку заснаваў Ты, Госпадзе, зямлю, і нябёсы — дзе́ла рук Тваіх;
І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
яны пагібнуць, а Ты трываеш; і ўсе́, быццам вопратка, пастарэюць,
яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
і, як вопратку, скруціш іх, і пераме́няцца; але Ты — Той Самы, і гады́ Твае́ ня скончацца (Псальм 101:26−28).
і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».
Каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Сядзь праваруч Мяне́, дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх? (Псальм 109:2.)
Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?
Ці ня ўсе́ яны — служэбныя духі, пасланыя на служэньне дзеля тых, што маюць збаўле́ньне ўнасьле́даваць?
Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?