Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,
Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
як пераказалі нам тое быўшыя з са́мага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,
як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, —
то прыйшло на думку і мне́, пільна разьве́даўшы аб усім ад пачатку, як сьле́д апісаць табе́, высокапаважаны Феафіле,
дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
каб ты даве́даўся праўду аб тых словах, якіх цябе́ навучылі.
каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе́ Альжбе́та.
У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Элізабэта.
Былі-ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.
Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбе́та была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадох сваіх.
У іх ня было дзяцей, бо Элізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
І ста́лася, калі ў парадку свае́ чаргі служыў ён перад Богам,
Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
выпала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподнюю кадзíць;
па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.
а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, —
І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.
тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.
і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо вы́слухана малітва твая, і жонка твая Альжбе́та ўродзіць табе́ сына, і дасі яму імя — Іоан.
Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Элізабэта народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
І будзе табе́ радасьць і ўце́ха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае́.
бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
І многіх з сыноў Ізраілявых наве́рне да Госпада Бога іх.
і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзе́цям, і непаслухмя́ных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.
і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазна́ю я гэтае? То-ж я стары́, і жонка мая ў гадо́х пажылых.
І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
І сказаў яму Ангел у адказ: я — Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасла́ны гаварыць з табою і абвясьціць табе́ гэтае.
Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паве́рыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве́.
Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў зья́ву ў царкве́; і ён ківаў і астаўся не́мы.
А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.
А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
Пасьля гэтых дзён зачала Альжбе́та, жонка яго, і таілася пяць ме́сяцаў, ды гаварыла:
Пасьля гэтых дзён зачала Элізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
так учыніў мне́ Госпад у дні гэтыя, як глянуў на мяне́, каб зьняць з мяне́ ганьбу між людзьмі.
так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
У шосты-ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт,
А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
да дзе́вы, зару́чанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Давідавага; імя-ж дзе́вы — Марыя.
да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багасла́ўлена ты між жанок.
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое?
А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
І вось зачне́ш у чэраве і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус.
і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго,
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
і цары́ць будзе над домам Якава даве́ку, і царству Яго ня будзе канца.
і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?
А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
І ў адказ сказаў ей: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахіне́ цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца.
Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў ста́расьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай.
вось, і Элізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.
бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай ста́нецца мне́ па слову твайму. І адыйшоў ад яе́ Ангел.
Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
Устаўшы-ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у ме́ста Юдзіна.
І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбе́ту.
і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Элізабэту.
І ста́лася, як Альжбе́та ўчула прывітаньне Марыі, узварухну́лася дзіцятка ў чэраве яе́, і Альжбе́та напоўнілася Духам Сьвятым.
Калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым,
І загаласіла моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены плод чэ́рава твайго.
і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
І адкуль гэтае мне́, што прыйшла маці Госпада майго да мяне́?
І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
І шчасьлíва паве́рыўшая: бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
І сказала Марыя: вяліча́е душа мая́ Госпада;
І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
што глянуў Ён на пакорнасьць рабы свае́, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне́ ўсе́ роды,
што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
бо вялікае ўчыніў мне́ Дужы́; і сьвятое імя Яго;
бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
і міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
Учыніў сілу рукой сваёй; рассе́яў гордых думкамі сэрца іх;
зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
адабраў у моцных пасады, узьвялічыў пакорных,
скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.
галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,
прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насе́ньня яго даве́ку.
як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох ме́сяцаў і вярнулася ў дом свой.
А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
Альжбе́це-ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.
А Элізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
І пачулі сусе́дзі ды сваякі яе́, што ўзьвялічыў Госпад міласьць сваю над ёю, і це́шыліся з ёю.
І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
У восмы дзе́нь прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хаце́лі назваць яго па іме́ньню бацькі яго Захарыям.
На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
На гэтае маці яго сказала: не́, а назваць яго Іоанам.
На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іме́ньнем.
І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
І пыталіся на міга́х у бацькі, як бы ён хаце́ў назваць яго.
І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
Ён зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе́ дзівіліся.
Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багасла́ўлючы Бога.
І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
І страх узьняўся сярод сусе́дзяў іх; і расказвалі пра ўсё гэтае па ўсёй нагорнай старане́ Юдэйскай.
І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
І ўсе́ чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што-ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.
Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:
І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
Багасла́ўлены Госпад Бог Ізраіляў, што адве́даў народ свой і даў выбаўле́ньне яму;
Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
і падняў рог спасе́ньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
(як апавясьцíў вуснамі быўшых ад ве́ку сьвятых прарокаў Сваіх),
як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
спасе́ нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавíдзячых нас;
што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
і ўчы́ніць ла́ску бацьком нашым і спамяне́ сьвяты тастамант свой,
учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам,
прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
не з баязьні, па выбаўле́ньні з рукі ворагаў нашых
каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад ім у-ва ўсе́ дні жыцьця нашага.
мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
І ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш напе́рад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,
А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада — падрыхтаваць шляхі Яму,
даць народу пазнаць спасе́ньне ў адпушчэньні грахоў яго,
каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
па ўну́транаму міласэрдзю Бога нашага, якім адве́даў нас Усход з вышыні,
праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
прасьвяціць тых, што ў це́мры і ў цяню́ сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя, на дарогу міра.
прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўле́ньня свайго Ізраілю.
А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.