Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Ісус да вучняў сваіх: спакусы ня могуць ня прыйсьці, але го́ра таму, праз каго яны прыходзяць:
Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
ле́пей было-б яму, калі б камень ад жорнаў паве́сілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чымся каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
Глядзіце-ж за сабою. Калі-ж саграшыць проці цябе́ брат твой, дакарай яго і, калі пакаецца, даруй яму;
Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
і калі сем разоў у дзе́нь саграшыць проці цябе́ і се́м разоў у дзе́нь зьве́рнецца да цябе́ ды скажа: «каюся», даруй яму.
і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
І сказалі апосталы Госпаду: дадай нам ве́ры.
І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
Госпад сказаў: калі-б вы ме́лі ве́ру з зе́рне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вы́караніся і перасадзіся ў мора, то яна паслухала-б вас.
Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
А хто з вас, маючы слугу, што гарэ ці пасе́, калі ён прыдзе з поля, скажа яму: ідзі хутчэй, сядай за стол?
Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
Дык ці ж ня скажа яму: прырыхтуй мне́ павячэраць і, падпераза́ўшыся, служы мне́, пакуль буду е́сьці ды піць, і пасьля еш і пі сам?
Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
Ці дзякуе ён слузе́ гэнаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.
Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
Так і вы, калі вы́паўніце ўсё, што зага́дана вам, кажы́це: мы слугі нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
І сталася, як ішоў да Ерузаліму, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
І, калі ўваходзіў Ён у адно сяло, спаткалі Яго дзесяцёра пракажоных, якія затрымаліся здалёк.
І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
і моцным голасам гаварылі: Ісус Настаўнік! памілуй нас.
і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзе́це, пакажэцеся сьвяшчэньнікам. І калі яны йшлі, ачысьціліся.
Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
Адзін жа з іх, бачучы, што паздараве́ў, вярнуўся, моцным голасам сла́вючы Бога,
А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
і паваліўся да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
Тады Ісус сказаў: ці ня дзе́сяць ачысьціліся? дзе́-ж дзе́вяць?
Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца.
як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
І сказаў яму: устань, ідзі; ве́ра твая спасла цябе́.
І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
Запытаны-ж фарысэямі, калі прыйдзе Царства Божае, адказаў ім: ня прыйдзе Царства Божае відавочна.
А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
і ня скажуць: вось яно тут, ці вось там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас ёсьць.
і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
Вучням жа сказаў: прыйдуць дні, калі захо́чаце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалаве́чага, і ня ўбачыце;
Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
і скажуць вам: »вось тут», ці »вось там», — ды не хадзіце й не ганяйцеся,
і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
бо як бліскавіца, мільгануўшы з аднаго краю не́ба, да другога краю не́ба сьве́ціць, так будзе Сын Чалаве́чы ў дзе́нь свой.
бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Але мусіць Ён многа працярпе́ць, і адцураецца яго род гэты.
Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
І, як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалаве́чага:
І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
е́лі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у човен, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
Таксама, як было ў дні Лота: е́лі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
але ў дзе́нь, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь ды з се́ркаю з не́ба і зьнішчыў усіх.
але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
Так будзе і ў той дзе́нь, калі прыйдзе Сын Чалаве́чы.
так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
У той дзе́нь, хто будзе на страсе́, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто будзе ў полі, таксама няхай не варо́чаецца.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
Спо́мніце жонку Лотаву.
успамінайце жонку Лотаву.
Хто будзе старацца захоўваць душу сваю, той загубіць яе́; а хто загубіць яе́, той ажы́віць яе́.
Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
Кажу вам: у тую ноч будзе двое на аднэй пасьце́лі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць;
Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
і дзьве́ будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена;
дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
і двое будуць у полі; адзін узяты будзе, а другі пакінены.
двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
І, пытаючыся, казалі Яму: дзе́, Госпадзе? Ён жа сказаў ім: дзе́ толькі це́ла, там зьбяруцца і арлы.
На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.