1 Пятра 4 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Дык вось, калі Хрыстос мучыўся за нас целам, то і вы ўзбройцеся тэй-жа думкай, бо той, хто мучыцца це́лам, перастае грашыць,
Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
каб рэшту часу ў це́ле жыць ужо не паводле чалаве́чага пажаданьня, але паводле Божае волі.
каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
Бо даволі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі паводле волі паганаў, ходзячы ў нячыстасьці, пажаданьнях, п’янстве, банкетаваньні, піцьці й лёгкамысным служэньні ідалам;
Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
затым то яны й дзівяцца, што не бяжыцё разам з імі на той жа разьліў распусты, і абмаўляюць вас.
таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
Яны здадуць справу Таму, Хто ма́е хутка судзіць жывых і паме́ршых.
яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
Бо на тое-ж і для мёртвых была абве́шчана добрая ве́сьць, каб яны, засуджаныя па-чалаве́чаму це́лам, жылі па-Божаму духам.
Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
Дый усяму блізкі кане́ц. Дык будзьце мудрымі і чувайце ў малітвах.
Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
Найбольш за ўсё ме́йце шчырую любоў адзін да аднаго; бо любоў пакрывае множства грахоў.
А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў.
будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя будаўнічыя рознароднае ласкі Божае.
служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
Ці гаворыць хто з вас, — гавары, як словы Божыя; ці служыць хто, — служы па сіле, якую дае́ Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.
Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
Умілаваныя! Ня цурайцеся агнявое спакусы, дзеля выпрабаваньня вам пасыланае, хоць-бы дзіўнае здарылася вам.
Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
Але, калі прымаеце ўчасьце ў муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў зьяўле́ньні славы Яго ўзрадавацца і павесяліцца.
але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
Калі абмаўляюць вас за імя Хрыстовае, то вы шчасьлівыя; бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Гэнымі Ён зьняважаецца, а вамі выслаўляецца.
Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
Абы толькі не цярпе́ў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец, ці пасягаючы на чужое;
Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
а калі як Хрысьціянін, то не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзе́л.
а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
Бо час пачацца суду ад дому Божага; калі-ж пе́рш ад нас пачне́цца, дык што за кане́ц непакараючыхся Эвангельлю Божаму?
Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
І калі праведнік ле́дзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе́ пака́жацца?
І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
Дык і пакутуючыя па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Стварыцелю, душы свае́, робячы дабро.
Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.