1 Пятра 4 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж Хрыстос цярпеў целам за нас, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,
Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
каб той час, што застаўся для жыцця ў целе, пражыць не для пажаданняў чалавечых, але для волі Божай.
каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы вы, дзеля выканання волі паганаў, жылі ў распусце, пажадлівасцях, у злоўжыванні віном, гулянках, папойках і ў агідным балванахвальстве.
Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
Дзеля таго яны дзівяцца, што вы не топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.
таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
Яны здадуць справаздачу Таму, Хто прыгатаваны судзіць жывых і мёртвых.
яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
Таму была абвешчана добрая вестка нават мёртвым, каб яны, хоць суджаныя целам па-чалавечы, жылі духам па Божаму.
Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
Канец усяго ўжо наблізіўся. Дык будзьце цвярозага мыслення і чувайце ў малітвах.
Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
Перад усім майце заўсёды нязменную любоў між сабою, бо любоў пакрывае многа грахоў.
А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
Будзьце адны да адных без наракання гасціннымі.
будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
Служыце адны адным тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнай ласкі Божай.
служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
Калі хто прамаўляе, [прамаўляй] як словы Божыя; калі хто паслугуе, [служы] сілай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і валадаранне ў векі вечныя. Амін.
Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
Дарагія! Не дзівіцеся агню, які дзеля выпрабавання вам з’явіўся, як бы што нечаканае вас напаткала,
Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
але, калі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб’яўленні славы Яго цешыліся вы з весялосцю.
але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
Калі зневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасныя, бо славы і Бога Дух на вас супачывае. Імі Ён зневажаецца, а вамі праслаўляецца.
Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое.
Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
Калі ж церпіць як хрысціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтую долю.
а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
Бо час, каб суд распачаўся ад дома Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што не слухаюць Божага Евангелля?
Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынецца?
І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцы, робячы дабро.
Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.