1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, выбраным выгнаньнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокі, Азіі і Бітыніі,
 
Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

згодна з прадведаньнем Бога Ба́цькі, праз асьвячэньне ад Духа на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: Багадаць вам і мір хай будуць памножаны.
 
паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!

Багаслаўлены Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, па вялікай Сваёй міласэрнасьці нарадзіў нас да жывой надзеі цераз уваскрасеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых,
 
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,

да спадчыны нятленнай і бяз сказы, што ня завяне, што захавана для нас на Нябёсах,
 
да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,

сілай Бога заховываемых цераз веру для выратаваньня, гатовага адкрыцца ў апошні час.
 
сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.

Аб тым моцна радуйцеся, што цяпер калі трэба перажывяце́ трохі тугі ў розных спакушэньнях.
 
З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

Каб выпрабаваньне вашай веры, якая больш каштоўней гінучага золата, хоць і агнём выпрабава́нага, было знойдзена на пахвалу і чэсьць і славу ў зьяўленьні Ісуса Хрыста,
 
каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,

Якога, ня бачыўшы, любіце, аб Якім цяпер, ня бачучы, але веручы, усё такі моцна радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўнейшаю,
 
Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,

дасягаючы выніку веры вашай — збаўленьня душ.
 
дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;

Аб гэтым то збаўленьні рупна адшуквалі і дасьле́давалі прарокі, прарочучы пра Багадаць адносна вас,
 
якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,

дасьледуючы, на каторы і які час паказваў у іх Дух Хрыста, прадказаўшы пакуты Хрыста і пасьля іх Славу.
 
дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;

Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла тое, што цяпер было абвешчана вам цераз дабравесьціўшых вам Духам Сьвятым, Які быў пасланы зь Неба, ува што (нават) Ангелы жадаюць пранікнуць.
 
ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.

Пагэтаму, падперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, да канца спадзявайцеся на Багадаць, што прыносіцца вам у адкрыцьцí Ісуса Хрыста.
 
Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.

Як дзеці паслухмянасьці ня прыстасоўвайцеся да пажаданьняў, якія былі ране́й у няведаньні вашым,
 
Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,

але згодна з прыклікаўшым вас Сьвятым і самі будзьце сьвятымі ўва ўсіх паводзінах,
 
а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;

таму, што напíсана: будзьце сьвятымі, бо Я Сьвяты.
 
бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».

І калі вы называеце Ба́цькам Таго, Хто нястаронна судзіць кожнага адпаведна ўчынку (ягонага), то ў страху праводзьце час бытаваньня вашага (на чужыне),
 
І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

ведаючы, што ня гінучым срэбрам ці золатам збаўлены вы ад марнага вашага жыцьця, пераданага ба́цькамі,
 
ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,

але найкаштоўнейшай Крывёю Хрыста, як Ягняка чыстага і бяз сказы,
 
а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,

прызначанага перш стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы для вас,
 
Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,

што цераз Яго ве́рыця ў Бога, уваскрасіўшага Яго із мёртвых і даўшага Яму Славу так, каб вера вашая і надзея была на Бога.
 
якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Душы вашыя ачысьціўшы паслухмянасьцяй праўдзе цераз Духа для братняй любові някрывадушнай ад чыстага сэрца любіце адзін аднаго горача,
 
Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,

будучы адроджанымі ня ад гінучага семені, але бессьмяротнага цераз Слова Жывога і прабываючага вечна Бога.
 
як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.

Бо кожнае цела, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як краска травы: засохла трава, і краска ейная апа́ла;
 
Бо ўсякая плоць — быццам трава, і ўсякая слава людзкая — быццам квет на траве, засохла трава — квет ейны апаў;

А Слова Госпада прабывае вечна. І гэта Слова абвешчана вам.
 
а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.