1 да Карынфянаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Павал, воляй Бога пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Састэн брат —
 
Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,

царкве Бога, якая знаходзіцца ў Карыньце, асьвянчоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто прызывае на ўсякім мейсцы Імя Ісуса Хрыста, Госпада і іхняга і нашага:
 
Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:

Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму заўсёды за вас з прычыны таго, што вам дадзена ў Хрысьце Ісусе Багада́ць Бога,
 
Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.

таму што вы ўва ўсім узбагачаны ў Ім: усякім словам і ўсякім веданьнем, —
 
Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,

так што сьведчаньне Хрыстова ўмацована ў вас (настолькі),
 
бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,

каб вам ня мець няста́чы ні ў якім да́ры, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

Каторы і ўгрунтуе вас да канца, (каб вам быць) бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Верны Бог, Якім вы прыкліканы ў лучнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
 
Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Малю ж вас, браты, Імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было між вамі падзелаў, але каб вы былí злучаны ў адным розуме і ў аднэй думцы.
 
Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.

Бо ад Хлоіных, браты мае, сталася мне ведама пра вас, што паміж вамі ёсьць спрэчкі.
 
Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.

Кажу ж гэта таму, што кожны з вас гаворыць: «я Паўлавы»; «а я Апалёсавы»; «а я Кіхвавы»; «а я Хрыстовы».
 
Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».

Ці разьдзе́лены Хрыстос? Ці ўкрыжаваны быў за вас Паўла? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаны?
 
Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?

Дзякую Богу, што нікога з вас я ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,
 
Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,

каб ніхто ня сказаў, што ў імя маё я ахрысьціў.
 
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.

Я ахрысьціў і дом Сьцяпана, ці ахрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
 
Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.

Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, але дабравесьціць ня ў мудрасьці слова, каб ня зьнясіліць крыж Хрыста.
 
Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.

Бо слова пра крыж для гінучых ёсьць глупства, а для нас, збаўляемых, — сіла Бога.
 
Бо слова пра крыж для пагібельных — юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, — сіла Божая!

Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і разумнасьць разумных адкіну».
 
Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».

Дзе мудры? дзе законьнік? дзе знаток веку гэтага? Ці ня ператварыў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў глупства?
 
Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?

Бо калі сьвет (сваёй) мудрасьцяй ня пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, то заўгодна было Богу цераз нямудраваньне абвяшчэньня (Эвангельля) уратаваць веручых.
 
Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.

Бо і жыды дамагаюцца цуда, і элліны шукаюць мудрасьці,
 
Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;

а мы апавяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для жыдоў — Камень спатыканьня, для эллінаў жа — глупства,
 
а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,

а для самых пакліканых, і жыдоў і эллінаў, — Хрыста, Сілу Бога і Мудрасьць Бога;
 
а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;

таму што (быццам бы) нямудрае Божае — мудрэйшае за людзей, і (быццам бы) не́мачнае Божае — мацнейшае за людзей.
 
бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.

Бо паглядзіце на пакліканьне вашае, браты: няшмат (з вас) мудрых паводля цела, няшмат здольных, няшмат высакародных;
 
Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;

але нямудрых сьвету (гэтага) выбраў Бог, каб пасароміць мудрых; і немачных сьвету (гэтага) выбраў Бог, каб пасароміць моцных;
 
але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;

і бязродных сьвету (гэтага) і пагарджаных, і нязначных выбраў Бог, каб значных адхіліць,
 
і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;

каб ня хвалілася ніякае цела перад Ім.
 
на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.

Зь Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Каторы стаўся для нас ад Бога мудрасьцяй і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
 
Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,

каб (было), як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам!»
 
каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».