Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi
Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад.
І Ён, увайшоў у лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
Прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложы. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі».
І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на пасцелі. І Ісус, ўбачыўшы іх веру, сказаў спаралізаванаму: Мацуйся, дзіця! Даруюцца [табе] твае грахі.
Тады некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: «Ён блюзнерыць».
І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Гэты чалавек зневажае Бога.
А Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых?
І Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: Навошта вы думаеце ліхое ў вашых сэрцах?
Бо што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Бо што лягчэй — сказаць: «Даруюцца твае22 грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому».
Але каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — тады Ён кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі сваю пасцель ды ідзі ў свой дом.
Той устаў і пайшоў дадому.
І той, устаўшы, пайшоў у свой дом.
А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.
А натоўпы, убачыўшы гэта, спалохаліся23 і славілі Бога, што даў такую ўладу людзям.
Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
І, адыходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, што сядзеў на месцы збору падаткаў — яго звалі Матфеем, — і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною. — І той устаў і пайшоў услед за Ім.
Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі.
І сталася: калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі і ўзлягалі з Ісусам і яго вучнямі.
Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
І, убачыўшы, фарысеі казалі Яго вучням: Чаму ваш Настаўнік есць [і п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі?
Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў [ім]: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя.
Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры»; бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў [на пакаянне].
Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?»
Тады падыходзяць да Яго Іаанавы вучні, кажучы: Чаму мы і фарысеі [шмат] посцім, а Твае вучні не посцяць?
А Езус сказаў ім: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць.
І сказаў ім Ісус: Ці могуць засмучацца сыны шлюбнага пакоя24, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасціцца.
Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
Ніхто ж не накладвае латкі з няваленага сукна на старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад адзення, і дзірка зробіцца яшчэ горшая.
Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое».
І не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але ўліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое.
Калі гаварыў з імі, падышоў да Яго адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «Дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць».
Калі Ён гэта казаў, вось, прыйшоў адзін начальнік і ўпаў перад Ім, кажучы: Мая дачка толькі што памерла; але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна будзе жыць.
Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім.
І, ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю Ягонага плашча,
І вось, жанчына, дванаццаць гадоў хворая на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да кутасоў Яго адзення;
бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да Ягонага плашча, выздаравею».
бо яна казала сама сабе: Як толькі дакрануся да Яго вопраткі — уратуюся.
А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». З таго часу жанчына выздаравела.
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: Мацуйся, дачка! Твая вера ўратавала цябе. — І з тае гадзіны жанчына выздаравела.
Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп
І калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў флейтыстаў і ўсхваляваны натоўп,
і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго.
сказаў ім: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць. — І тыя смяяліся з Яго.
А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў, узяў дзяўчынку за руку, і яна ўстала.
Калі ж натоўп выправадзілі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
Тады разышлася пра гэта пагалоска па ўсёй гэтай зямлі.
І разышоўся погалас пра гэта па ўсёй зямлі той.
Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: «Змілуйся над намі, Сыне Давіда!»
І калі Ісус адыходзіў адтуль, услед [за Ім] ішлі два сляпыя, якія крычалі: Злітуйся над намі, Сыне Давідаў!
Калі ж Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, а Езус сказаў ім: «Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?» Яны адказалі Яму: «Так, Пане».
Калі ж Ён увайшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, і Ісус кажа ім: Ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? — Яны кажуць Яму: Так, верым, Госпадзе!
Тады Ён дакрануўся да іхніх вачэй і сказаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай».
Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: Паводле вашай веры няхай будзе вам.
І адкрыліся іхнія вочы. Але Езус строга наказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся».
І ў іх адкрыліся вочы. І Ісус сурова загадаў ім, кажучы: Глядзіце, няхай ніхто пра гэта не ведае!
Аднак яны, калі выйшлі, абвясцілі пра гэта па ўсёй той зямлі.
А яны, выйшаўшы, разнеслі погалас пра Яго па ўсёй той зямлі.
Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам.
Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго нямога, апантанага чалавека.
І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!»
І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў; і дзівіліся натоўпы, кажучы: Ніколі такога яшчэ не бачылі ў Ізраілі.
А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў».
А фарысеі казалі: Ён выганяе дэманаў сілаю начальніка дэманаў.
І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
І абыходзіў Ісус усе гарады і сёлы, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач [у людзях].
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра.
І, убачыўшы натоўпы, Ён злітаваўся над імі, бо былі яны зняможаныя і кінутыя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха.
Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала;
Тады Ён кажа Сваім вучням: Жніво вялікае, ды работнікаў мала.
таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».
Дык маліце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на Сваё жніво.