Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі:
 
Тады прыходзяць да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Іерусаліма, кажучы:

«Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?»
 
Чаму вучні Твае парушаюць паданне старэйшых? Бо не мыюць [сваіх] рук, калі ядуць хлеб.

А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі?
 
Ён жа сказаў ім у адказ: Чаму вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашага падання?

Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
 
Бо сказаў44 Бог: «Шануй бацьку і маці», і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай кончыць смерцю».

А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: ‘Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы’,
 
А вы кажаце: «Калі хто скажа бацьку ці маці: «Дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся»,

то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі.
 
той не абавязаны шанаваць свайго бацьку [ці сваю маці]»; і адмянілі вы Божае слова45 дзеля вашага падання.

Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:
 
Крывадушнікі! Добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:

“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,а сэрца іхняе далёка ад Мяне.
 
«Гэты народ шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”».
 
але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам — запаведзям чалавечым».

І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце.
 
І Ён, паклікаўшы натоўп, казаў ім: Слухайце і разумейце:

Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»
 
не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
 
Тады, падышоўшы, [Яго] вучні кажуць Яму: Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?

А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі.
 
Ён жа сказаў у адказ: Кожная расліна, якую не пасадзіў Мой Бацька Нябесны, будзе выкаранена.

Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму».
 
Пакіньце іх; яны — сляпыя павадыры [сляпых]; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ўпадуць ў яму.

Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
 
Пётр жа сказаў Яму ў адказ: Растлумач нам [гэтую] прыпавесць.

І Ён сказаў: «Вы і далей не разумееце?
 
А Ён46 сказаў: Няўжо і вы яшчэ не разумееце?

Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі?
 
Хіба [яшчэ не] разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у жывот і выкідваецца ў адыходнае месца?

Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека.
 
А што з вуснаў выходзіць — з сэрца выходзіць, і тое апаганьвае чалавека.

Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.
 
Бо з сэрца выходзяць ліхія намеры, забойствы, чужаложства, крадзеж, ілжэсведчанні, блюзнерствы:

Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека».
 
гэта апаганьвае чалавека, а есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.

Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона.
 
І, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія.

І вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая».
 
І вось, жанчына — хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала [Яму], кажучы: Злітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.

Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі».
 
Ён жа не адказаў ёй ні слова. І Яго вучні, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: Адпусці яе, бо ідзе і крычыць за намі.

Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля».
 
Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дома Ізраілевага.

Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!»
 
А яна, падышоўшы, упала перад Ім, кажучы: Госпадзе! дапамажы мне!

Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
 
Ён жа сказаў у адказ: Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
 
А яна сказала: Так, Госпадзе! Але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.

Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». І з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
 
Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: О жанчына, вялікая твая вера! Няхай будзе табе, як ты хочаш. — І з тае гадзіны выздаравела яе дачка.

Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў.
 
І Ісус, адышоўшы адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора; і, узышоўшы на гару, сеў там.

І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх.
 
І падышлі да Яго вялікія натоўпы, ведучы з сабою кульгавых, сляпых, калек, нямых і многіх іншых і клалі іх да Яго47 ног, і Ён вылечыў іх;

Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
 
так што натоўп дзівіўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі — здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і яны славілі Бога Ізраілевага.

Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе».
 
А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: Шкада Мне гэты натоўп, бо ўжо тры дні застаецца пры Мне, і не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслабелі ў дарозе.

Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?»
 
І [Яго] вучні кажуць Яму: Адкуль нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць такі натоўп?

А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак».
 
А Ісус пытаецца ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем і некалькі рыбінак.

І, загадаўшы людзям сесці на зямлю,
 
І загадаў натоўпу ўзлегчы на зямлю;

узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям.
 
узяў сем хлябоў і рыбы, і, узнёсшы падзяку, паламаў і даў [Сваім] вучням, а вучні — натоўпам.

І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў.
 
І ўсе елі і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.

А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек.
 
А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.

Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.
 
І, адпусціўшы натоўпы, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магадана48.