Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя.
І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:
І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.
Вы святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.
Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.
Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё.
Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.
Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.
Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.
Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду.
А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Нікчэмны”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.
А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай.
Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе,
пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар.
Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу.
Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу.
Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.
Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не чужалож”.
Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”.
А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.
А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы.
Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену.
І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.
Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.
Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”.
А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.
А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.
Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўнім: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.
Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”.
А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;
А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы;
ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;
ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля.
ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.
Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.
Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,
А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую.
і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;
Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч.
і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.
І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве.
Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.
Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.
Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас,
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?
Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі?
І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?
І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.
Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.