Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
А бачачы грамады, ўзыйшоў Езус на гору і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны
І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:
і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:
«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
Багаслаўлёны ўбогія духам, іх бо ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.
Багаслаўлёны ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.
Багаслаўлёны плачучыя, бо яны будуць пацешаны.
Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.
Багаслаўлёны, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.
Багаслаўлёны міласэрныя, бо яны самы міласэрдзя даступяцца.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Багаслаўлёны чыстыя сэрцам, бо яны Бога аглядацімуць.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.
Багаслаўлёны чынячыя згоду, бо яны будуць названы Божымі сынамі.
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
Багаслаўлёны, што праслед церпяць за праўду, іхняе бо ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.
Багаслаўлёны вы, калі зняважацімуць вас, і праследавацімуць, і ўсякае благоцце вымахлёўваць будуць дзеля мяне:
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.
цешцеся й весялецеся, заплата бо ваша ў небе вялікая; бо гэтак праследавалі прарокаў, што былі перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
Вы соль зямлі, калі-ж соль звятрэе, то чым зробіш яе салонаю? Яна не знадобная ні на вошта, як толькі выкінуць пад ногі.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.
Вы святло свету; ня можа схавацца горад, стаячы на гары.
Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
І, запаліўшы свечку, ня ставяць яе пад судзінай, але на ліхтары, каб свяціла ўсім, хто ёсьць у доме.
Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.
Хай святло вашае свеціць перад людзьмі так, каб яны бачылі вашы добрыя чыны і славілі Айца, які ёсьць у небе.
Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.
Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон ці прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але выпаўніць.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.
Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, не адменіцца аніводна ёта, ніводна рыска ў Законе, пакуль усё не станецца.
Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.
Дык хто-б нарушыў адно з гэтых найменшых прыказанняў і так-бы навучаў людзей, той найменшым называцімецца ў валадарсьцьве нябесным; а хто споўніць ды навучыць, той будзе названы вялікім у валадарсьцьве нябесным;
Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Бо кажу вам, калі справядлівасьць ваша ня будзе буйнейшай, чым кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.
Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.
Вы чулі што сказана старадаўным: «Не забівай, а хто-б забіў, падпадзе пад суд» (Выйсьц. 20:13).
А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Нікчэмны”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.
А я вам кажу, кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду, а хто-б сказаў на брата свайго «нягоднік», будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў «бязбожнік» будзе падлеглы пякельнаму агню.
Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
Дык калі ты прынясеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой нешта мае проціў цябе,
пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
пакінь там перад аўтаром свой дар ды йдзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой.
Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу.
Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ з ім у дарозе, каб часам супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе ды каб не пасадзілі цябе ў вастрог.
Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.
Вы чулі, што сказана старадаўнім: “Не чужалож”.
Чулі вы, што сказана старадаўным: «Ня чужалож» (Выйсц. 20:14),
А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.
а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, каб пажадаць яе, ужэ саграшыў з ёю ў сэрцы сваім.
Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
Каліж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінута ў пекла.
І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе й кінь ад сябе, бо лепей табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела йсці ў пекла.
Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.
І сказана такжа: «Хто-б пакідаў жонку сваю, хай дасьць ёй разводны ліст» (Паўт. Пр. 24:1),
А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.
а я вам кажу, што кожны, хто-б жонку сваю пакінуў, акрамя прычыны чужалоства, даводзіць яе да чужалоства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.
Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўнім: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.
Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: «Ня прысягай на няпраўду, але спаўняй перад Богам твае прысягі» (Левіт. 19:12).
А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;
А я вам кажу: зусім ня прысягайце — ані на неба, бо яно трон Божы,
ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;
ані на землю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля.
ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.
І ня прысягай на галаву сваю, бо ня можаш аніводнага воласа зрабіць белым, або чорным.
Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.
Але ваша мова хай будзе: «так, так», «не, не», а што больш таго, тое ад злога.
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
Вы чулі як сказана: «Вока за вока, а зуб за зуб» (Выйсц. 21:24).
А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,
А я вам кажу: ня супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдэрыць цябе ў правую шчаку, настаў яму й другую,
і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;
а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе тваю сарочку, аддай яму й вопратку,
і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.
і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, ідзі з ім і дзве.
Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
Просіць у цябе хто, дай яму, і ад хочучага ў цябе пазычыць не адвяртайся.
Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.
Вы чулі, што сказана: «Любі свайго бліжняга, а ненавідзь ворага твайго» (Левіт. 19:18).
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,
А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, рабеце дабро тым, хто ненавідзіць вас і малецеся за тых, што праследуюць і чэрняць вас,
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.
каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадвае сонцу свайму ўсходзіць над добрымі й благімі ды пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?
Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якуюж нагароду мецімеце? Ціж ня робяць гэтага й кунойміты?
І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?
І калі вітаецеся толькі з братамі сваімі, то штож асабліўшае робіце? Ціж ня робяць гэтага й пагане?
Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.
Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсць.