Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў каля мора.
У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.
І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
І зыйшліся да яго вялікія грамады, так што ён увайшоў у човен і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе.
І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І шмат гавырыў ім у прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеець.
І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.
І калі ён сеяў, адны упалі пры дарозе, і наляцелі птушкі паднебныя ды падзяўблі іх.
Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая,
А іншыя упалі на месца камяністае, дзе ня мелі шмат зямлі; і незабаўна узыйшлі, зямля бо была няглыбокая.
а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі.
Калі-ж узыйшло сонца, павялі і, ня маючы кораня, пасохлі.
Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх.
Іншыя-ж упалі ў цярнінў, і разбуяла цярніна ды заглушыла іх.
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзясят, а адно — трыццаць.
Іншыя-ж упалі на добрую землю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты.
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?»
І прыступіўшыся вучні сказалі яму: Нашто гаворыш ім у прыповесьцях?
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена.
Ён у вадказ сказаў ім: Затым, што вам дадзена пазнаць тайніцы валадарства нябеснага, а ім ня дадзена.
Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Бо хто мае, таму дасцца й прыбавіцца, а хто ня мае, ў таго адымецца й тое, што мае.
Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.
Дзеля таго гавару да іх у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць ды не разумеюць.
І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.
І збываецца на іх прароцтва Ізаія (6:9−10), які кажа: «Слухам слухацімеце й не зразумееце, і зрокам глядзецімеце й ня ўбачыце.
Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” .
Агрубела бо сэрца гэтага народу і вушамі з натугаю чуюць ды заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма ды не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам ды не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх».
Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.
Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.
Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі й справядліўцы жадалі бачыць, што вы відзіце й ня бачылі, ды чуць што вы чуеце й ня чулі.
А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта.
Вось-жа паслухайце прыповесьці пра сяйбіта,
Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе.
Да ўсякага. хто слухае слова аб валадарсьцьве й не разумее, прыходзіць Злы і вырывае што пасеена ў ягоным сэрцы: гэта той што пасеены пры дарозе.
А пасеянае на камяністым месцы — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго,
А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, што слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго,
але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца.
але ня мае карэння ў сабе, ёсьць нясталы, дык як прыходзіць бяда, напасьць за слова, зараз горшыцца.
А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
А пасеенае ў цярніне, гэта той, хто слухае слова, адыж турботы гэтага сьвету й мана багацьця заглушае слова й робіцца яно бясплодным.
А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее, той, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — трыццаць».
Пасеена-ж на добрай зямлі, гэта той, хто слухае слова і разумее, ён-то й плод прыносіць — і дае адно соты, другое шэсьцьдзесяты, а іншае трыццаты.
Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.
Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: Валадарства нябеснае сталася падобным да чалавека, які пасееў добрае насенне на сваім полі.
Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў.
Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насееў кукалю між пшаніцаю ды пайшоў.
Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль.
Калі-ж узрасло збожжа і прынясло плод, тады паказаўся й куколь.
І прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?”
Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Спадару, ці-ж ты ня добрае насенне пасееў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь?
Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем і зьбярэм яго?”
Кажа ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: хочаш, пойдзем і выпалем яго.
А ён прамовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.
А ён гавора: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы ня павырывалі разам і пшаніцы.
Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'”».
Пакінце расьці абое аж да жніва, а ў пару жніва скажу жанцом: Збярэце перш куколь і вязэце яго ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу злажэце ў гумно маё.
Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім.
Іншую прыповесьць расказаў ім, кажучы: Падобна валадарства нябеснае да зернеці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасееў на сваім полі.
Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго».
Яно, праўда, найменшае з усяго насення, але як вырасьце, бывае большым за ўсе агародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у ягоным гальлі.
Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да кісьлі, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».
Іншую прыповесьць дадаў ім: Валадарства нябеснае падобнае да рошчыны, якую жанчына ўзяўшы ўлажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісьне.
Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім,
Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў ім,
каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету».
каб спраўдзілася, што было сказана праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэння сьвету» (Пс. 77:2).
Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі».
Тады, адправіўшы народ, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоныя, кажучы: Раз’ясьні нам прыповесьць аб кукалі на полі.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы.
Ён-жа ў адказ гавора ім: Той, хто сее добрае насенне ёсьць Сын чалавечы.
Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога;
А поле — гэта сьвет, добрае-ж зерне — гэта сыны валадарства, а куколь — сыны благога.
вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
Вораг-жа, што насееў яго — гэта дзябал, а жніва — гэта канец сьвету, жанцы — гэта анелы.
Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага:
Вось-жа як збіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні сьвету.
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне,
Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і збяруць з яго валадарства ўсе згаршэнні й тых, што робяць нягоднасьць,
і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў.
і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў.
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
Тады справядліўцы заззяюць, як сонца, ў валадарсьцьве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
Падобнае валадарства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які чалавек знайшоўшы прыкрывае і з радасьці ад гэтага йдзе ды прадае ўсё, што мае й купляе гэнае поле.
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў,
Зноў-жа падобнае валадарства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.
які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.
Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё што меў ды купіў яе.
Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы.
Яшчэ падобнае валадарства нябеснае да неваду, закіненага ў мора й загарнуўшага ўсякага роду рыбы;
Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі.
калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіны, а дрэнную выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных,
Гэтак будзе пры сканчэнні сьвету: выйдуць анелы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых
і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў».
ды ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і ськрыгот зубоў.
Кажа ім Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе!»
Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так.
Ён жа сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».
Сказаў ім: Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўсьцьве нябесным, падобны ёсьць да чалавека гаспадара, які дастае із свае скарбніцы новае і старое.
І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль.
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, адыйшоў адтуль.
І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: «Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?
І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, навучаў іх у іхніх бажніцах, так што дзівіліся й казалі: Адкуль гэтая мудрасьць у яго ды цуды?
Ці ж Ён ня сын цесьляра? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда?
Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж Матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда?
І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?»
А сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта?
І горшыліся праз Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».
І бянтэжыліся да яго. Езус-жа сказаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго ды ў доме ягоным.
І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.
І ня здзееў там шмат цудаў дзеля няверы іхняй.