Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.
 
Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.

І, дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
 
І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.
 
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку

І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі.
 
і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.

Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтаксама.
 
Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.

А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?”
 
І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?

Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.
 
Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.

А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”.
 
Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.

І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.
 
І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.

А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.
 
А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.

І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,
 
І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,

кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”.
 
кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.

Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?
 
А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?

Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.
 
Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?”
 
Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?

Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
 
Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
 
А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:

«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць,
 
Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,

і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
 
і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.

Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заўдыя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
 
Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.

Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».
 
Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.

А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
 
Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.

І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім».
 
Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.

І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.
 
А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.

А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі.
 
Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.

А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым,
 
Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,

і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе слугою вашым,
 
і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.

як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».
 
Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

І калі яны выходзілі з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп.
 
І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,

І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
 
і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!

А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
 
Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!

І, спыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?

Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя».
 
Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!

Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.
 
І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.