Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Бо Царства Нябе́снае падобна да чалаве́ка — гаспадара дому, які выйшаў вельмі рана наняць работнікаў у вінаграднік свой.
 
Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.

І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзе́нь, паслаў іх у вінаграднік свой.
 
І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

Выйшаўшы-ж каля трэцяе гадзіны, ён угле́дзіў другіх, сто́ячы на рынку бяз дзе́ла.
 
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку

І сказаў ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе нале́жацца, дам вам. Яны пайшлі.
 
і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.

Зноў выйшаўшы каля шостае і дзевятае гадзіны, зрабіў тое-ж.
 
Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.

Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў другіх, сто́ячы без работы, і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзе́нь бяз дзе́ла?
 
І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?

Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ён кажа ім: ідзіце й вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дастанеце.
 
Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.

Калі-ж надыйшоў ве́чар, кажа гаспадар вінаградніку эканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да пе́ршых.
 
Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.

І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, дасталі па дынару.
 
І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.

Прыйшоўшыя-ж пе́ршымі, думалі, што яны дастануць больш, але й яны дасталі па дынару.
 
А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.

І, узяўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому і казалі:
 
І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,

Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, перанёсшымі цяжар дня і сьпе́ку.
 
кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.

Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: ся́бра! я ня крыўджу цябе́; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
 
А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?

Вазьмі сваё і пайдзі; я-ж хачу даць гэтаму апошняму тое-ж, што і табе.
 
Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

Ці-ж я ня во́лен у сваім рабіць, што хачу? Ці вока тваё злоснае, што я добры?
 
Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?

Гэтак будуць апошнія пе́ршымі, і пе́ршыя апошнімі; бо многа заклíканых, але мала вы́браных.
 
Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус дарогаю адклікаў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
 
А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:

Вось мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы вы́даны будзе архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць;
 
Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,

і выдадуць Яго паганам на зьдзе́к і біцьцё і ўкрыжава́ньне; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
 
і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.

Тады прыступілася да Яго маці сыноў Завядзе́явых з сынамі сваімі, кланяючыся і не́чага просячы ў Яго.
 
Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.

Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны маі се́лі ў Цябе́ адзін з правага боку, а другí з ле́вага ў царстве Тваім.
 
Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.

Ісус сказаў у адказ: ня ве́даеце, чаго просіце. Ці можаце піць ча́ру, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам.
 
Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.

І кажа ім: ча́ру Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага не магу даць вам, але каму прыгатава́на Айцом Маім.
 
Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.

Пачуўшы гэтае, дзе́сяць вучняў абурыліся на двох братоў,
 
А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.

Ісус жа, паклікаўшы íх, сказаў: вы ве́даеце, што князí народаў валадаюць імі і вяльможы пануюць над імі;
 
Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.

але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою;
 
Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,

і хто хоча між вамі быць пе́ршым, няхай будзе вам слугою,
 
і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.

бо Сын Чалаве́чы не́ дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму́ служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзе́ля вы́купу многіх.
 
Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

І, калі выходзілі яны з Ерыхону, за Ім сьле́дам ішло множства народу.
 
І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,

І вось, два сьляпы́я, сядзе́ўшыя ля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе́ міма, пачалі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сы́не Давідаў!
 
і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!

Народ жа крычэў на іх, каб маўчалі; але яны яшчэ мацне́й сталі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў!
 
Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!

Ісус, супыніўшыся, прыклікаў іх і сказаў: чаго вы хочаце ад Мяне́?
 
І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?

Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
 
Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!

Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, í яны пайшлі за Ім.
 
І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.