Мацьвея 23 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча
Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх
Тады Езус прамовіў да народу і да сваіх вучняў,
і сказаў: на Майсе́явым пасадзе пасе́лі кніжнікі і фарысэі.
кажучы: На Майзейвым пасадзе заселі кніжнікі й фарызэі,
Дык усё, чаго скажуць вам дзяржа́цца, дзяржы́цеся й рабе́це, але не рабе́це паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
дык усё, што-толькі вам загадаюць, захавайце й рабеце, адыж не паступайце паводля ўчынкаў іхніх, яны бо гавораць, а ня робяць.
Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на пле́чы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх.
Бо вяжуць бярэмі цяжкія й непасільныя ды ўскладаюць на плечы людзям, а самы і пальцам крануць іх ня хочуць.
Усе́-ж учынкі свае́ яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць по́лы вопраткі свае́й,
Усе-ж справы свае ладзяць, каб іх людзі бачылі: пашыраюць філяктары свае ды павяліцваюць фрэнзлі.
ды любяць пе́ршыя ме́сцы на банке́тах і пе́ршыя лавы ў сынагогах,
Любяць першыя мясцы на банкетах ды першыя лаўкі ў бажніцах,
і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель!
і прывет на рынку і каб людзі называлі іх «раббі».
А вы не называйцеся вучыцеля́мі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе́-ж вы браты.
Вы-ж не называйцеся «вучыцелямі», бо адзін у вас Вучыцель, а вы ўсе браты.
І айцо́м сабе́ не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Аце́ц, Каторы на нябёсах.
І «айцом» не называйце сабе нікога на зямлі, бо адзін ёсьць ваш Айцец, каторы ёсьць у небе.
І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
І не называйцеся вучыцелямі, бо Вучыцель ваш адзін — Хрыстус.
Большы з вас няхай будзе вам за слугу.
Хто з вас большы, той будзе вашым слугою.
Бо хто ўзвышае сябе́, той панíжаны будзе, а хто паніжа́е сябе́, той будзе ўзвы́шаны.
А хто сябе павышае, будзе паніжаны; і хто сябе паніжае, будзе павышаны.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябе́снае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце.
Гора-ж вам, кніжнікі й фарызэі крывадушнікі, што зачыняеце валадарста нябеснае перад людзьмі; вы бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці не дапускаеце!
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы́ ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд.
Гора вам, кніжнікі й фарызэі крывадушнікі, што дамы ўдоваў аб’ядаеце, адмаўляючы даўгія малітвы; дзеля гэтага цяжэйшы прысуд дастанеце!
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам гее́нны, удвая горшым за вас.
Гора вам кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб здабыць аднаго прозэліта, а як здабудзеце, робіце яго сынам пекла ўдвая горшым за вас!
Го́ра вам, правадыры́ сьляпыя, якія ка́жаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты.
Гора вам, правадыры сьляпыя, кажучыя: «Хто прысягнуў-бы на сьвятыню — гэта нічога; але хто прысягнуў-бы на золата сьвятыні, той забавязаны».
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Золата, ці царква, асьвячаючая золата?
Неразумныя й сьляпыя! Што-ж важней: золата, ці сьвятыня, якая пасьвячае золата?
І калі хто прысягне́ жэ́ртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне́ жэртваю, што на ім, то вінаваты.
І «хто прысягнуў-бы на аўтар — гэта нічога; але хто прысягнуў-бы на ахвяру, што на ім, дык забавязаны».
Неразумныя і сьляпыя! што бале́й? Жэ́ртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэ́ртву?
Сьляпыя! Што-ж важнейшае: ахвяра, ці аўтар, які пасьвячае ахвяру?
Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім.
Вось-жа хто клянецца аўтаром, клянецца й ім і ўсім што на ім ёсьць.
І хто прысягае царквою, прысягае ёю і жыву́чымі у ёй.
І хто-б кляўся набожняй, клянецца й на яе й на Таго, хто ў ёй жыве.
І хто прысягае не́бам, прысягае паса́дам Божым і Се́дзячым на ім.
А хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, хто сядзіць на ім.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, анíжу і кміну, ды пакінулі найважне́йшае ў законе: суд і міласьць і ве́ру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць.
Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што даеце дзесяціну з мяты, аныжу й кміну, а пакінулі важнейшае ў законе: суд, міласэрдзе і веру. Гэтае трэ’ было рабіць і таго не прапускаць.
Правадыры́ сьляпыя, што камара́ адцэджваеце, а вярблюда глытаеце!
Правадыры сьляпыя, што камара працэджваеце, а вярблюда глытаеце!
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьве́рху, а ўсярэдзіне поўны драпе́жнасьці і няпраўды.
Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што ачышчаеце ўсё зверху кубка й міскі, а ўнутры поўныя дроснасьці і бруду.
Фарысэй сьляпы́! ачысьці пе́рш сярэдзіну чары і місы, каб чы́стыя былі і зьве́рху.
Сляпы фарызэю! Перш ачысьць усярэдзіне кубка й місы, каб чыстым сталася тое, што ёсьць зверху.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных тру́наў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьце́й трупаў і рознае не́чысьці.
Гора вам, кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што падобныя вы да гробаў пабеляных, якія выдаюцца людзям прыгожымі, а усярэдзіне поўныя касьцей мярцьвячых ды брыды ўсялякай.
Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзіне поўны крывадушнасьці і беззаконьня.
Гэтак і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры вы поўны крывадушнасьці й нягоднасьці.
Го́ра вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым,
Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам ды ўпрыгожваеце памятнікі справядлівым,
і ка́жаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў.
і кажаце: «Калі-б мы жылі ў дні айцоў нашых, мы ня былі-б іх супольнікамі ў крыві прарокаў».
Гэткім чынам вы самыя проці сябе́ сьве́дчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў.
Гэтак вы самы супроць сябе сьветчыце, што вы сыны тых, якія забівалі прарокаў.
Дапаўняйце-ж ме́ру айцоў вашых.
Дапаўняйце-ж і вы меру айцоў вашых.
Зьме́і, плод яхíдніны! як унíкнеце вы асуджэньня ў гее́нну?
Вужы вы, родзе гадавы! Як-жа вы ўцечаце ад суду пекла?
Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзе́й мудрых, і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжу́еце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з ме́ста да ме́ста.
Вось таму я пасылаю да вас прарокаў і мудрацоў і кніжнікаў, а спаміж іх вы адных заб’яце і ўкрыжуеце, а другіх убічуеце ў бажніцах вашых ды гнацімеце з места да места,
Няхай жа падзе́ на вас уся кроў сьвятая, пралíтая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам.
каб прыйшла на вас уся кроў справядлівых што на зямлі была праліта, ад крыві Абля справядлівага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога забілі вы між аўтаром і сьвятыняй.
Запраўды́ кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты.
Сапраўды кажу вам, усё гэнае прыйдзе на род гэты.
Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каме́ньмі пабіва́ючы пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад кры́льлі, і вы не захаце́лі.
Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш да цябе пасланых; колькі разоў я хаціеў сабраць дзяцей тваіх, як квахтуха збірае пад крыльлі куранят сваіх, адыж не хацеў ты!
Вось жа астаецца вам дом ваш пусты.
Вось-жа астанецца вам дом ваш парожны.
Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне́ ад сяньня, дакуль ня ска́жаце: багасла́ўлены, хто йдзе́ ў імя Госпада.
Бо кажу вам: Адцяпер ня ўбачыце мяне, дакуль ня скажаце: «Багаслаўлёны, што йдзе ў імя Госпадава».