Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Тады Ісус заве́дзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
 
Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.

І, прапасьціўшы сорак дзён ды сорак ночаў, нарэшце захаце́ў е́сьці.
 
А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.

І прыступіўся да Яго спаку́сьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб каме́ньні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
 
І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.

Ён жа адказаў яму: напісана: ня хле́бам адным жыць будзе чалаве́к, але ўсякім словам, выходзячым з вуснаў Божых (Другазаконьне 8:3).
 
Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).

Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое ме́ста і стаўляе на крыле́ храму
 
Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,

ды кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім накажа пра Цябе́, і на руках панясуць Цябе́, каб не спаткнуўся аб ка́мень нагою Твае́ю (Псальм 90:11−12).
 
ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).

Ісус сказаў яму: ізноў жа напісана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
 
Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).

Ізноў бярэ Яго нячысты на ве́льмі высокую гару і паказвае Яму ўсе́ царствы сьве́ту і сла́ву іх.
 
Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю

І кажа Яму: усё гэтае дам Табе́, калі ўпаўшы, паклонішся мне́.
 
ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.

Тады Ісус кажа яму: адыйдзі ад Мяне, шата́н; бо напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
 
Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).

Тады пакідае Яго д’ябал; і вось Ангелы прыступіліся і служылі Яму.
 
Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.

Дачуўшыся-ж, што Іоан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галіле́ю.
 
Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею

І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асе́ў у Капэрнауме прыморскім, у ме́стах Завулонавых і Нэфалімавых,
 
і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,

каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
 
каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):

зямля Завулонава і зямля Нэфалімава, на дарозе прыморскай за Іорданам, Галіле́я паганская,
 
«Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!

народ, се́дзячы ў це́мры, угле́дзіў сьвятло вялікае, і тым, што сядзе́лі ў краіне й це́ню сьме́рці, зазьзя́ла сьвятло (Ісая 9:1−2).
 
Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».

З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася царства нябе́снае.
 
З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.

Прахо́дзячы-ж недалёка мора Галіле́йскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, закідаючых сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
 
А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі

і кажа ім: ідзе́це за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі чалаве́каў.
 
і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.

І яны зараз жа, пакінуўшы се́ці, пайшлі за Ім.
 
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

Ідучы стуль дале́й, убачыў Ён другіх двух братоў, Якава Завядзе́явага і Яна, брата яго, у чаўне́ з Завядзе́ем, бацькам іх, пра́ўлючых се́ці свае́, і паклікаў іх.
 
А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.

І яны зараз жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
 
А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.

І хадзіў Ісус па ўсёй Галіле́і, навучаючы ў школах іх і абвяшчаючы Эвангельле царства ды ле́чучы ўсякую хворасьць і ўсякую не́мач у людзе́й.
 
І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

І прайшлі аб Ім чуткі па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі й прыпадкамі, і апанаваных нячыстым, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
 
І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.

І йшло за Ім множства народу з Галіле́і і Дзесяцігра́дзьдзя і Ерузаліму і Юдэі і з таго боку Іордану.
 
І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.