Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла.
 
Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.

І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.
 
А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.

І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
 
І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.

А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
 
Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).

Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,
 
Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,

і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
 
ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).

Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».
 
Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).

Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,
 
Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю

і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
 
ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.

Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».
 
Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).

Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.
 
Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.

Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
 
Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею

і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэфталімавых,
 
і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,

каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
 
каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):

«Зямля Завулонава і зямля Нэфталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
 
«Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!

народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».
 
Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».

З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
 
З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.

А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
 
А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі

І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
 
і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.

І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
 
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
 
А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.

І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
 
А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.

І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
 
І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
 
І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.

І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.
 
І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.