Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
«Тады падобнае будзе гаспадарства нябёснае да дзесяцёх дзявушчых, што, узяўшы лянпы свае, вышлі на пярэймы маладому.
Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху.
Зь іх пяць было мудрых і пяць неразумных.
Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя.
Неразумныя, узяўшы лянпы свае, не ўзялі із сабою алівы.
Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею.
Мудрыя ж узялі алівы ў судзінах ізь лянпамі сваімі.
Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны.
І як малады задлякаўся, то задрымалі ўсі й паснулі.
Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
І а поўначы разьлёгся крык: "Гля, малады йдзець, выходзьце на пярэймы яму!’
А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”.
Тады ўсталі дзявушчыя тыя і агледзелі лянпы свае.
Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы.
Неразумныя ж сказалі мудрым: "Дайце нам алівы вашае, бо лянпы нашыя гаснуць’.
Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”.
А мудрыя адказалі: "Калі б нам і вам ня стала, валей пайдзіце да прадаўнікоў і купіце сабе’.
А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”.
А як пайшлі яны купляць, прышоў малады, і гатовыя ўвыйшлі зь ім на вясельную чэсьць, і дзьверы замкнуліся.
Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
Потым прыходзяць і іншыя дзявушчыя, кажучы: "Спадару, спадару! адчыні нам’.
Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”.
Ён жа адказаў ім і сказаў: "Запраўды кажу вам: ня знаю вас’.
А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”.
Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, каторае прыйдзе Сын Людзкі.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
«Бо Ён учыне, як чалавек, што, пакідаючы дом, гукнуў слугаў сваіх і паручыў ім маемасьць сваю:
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць.
І аднаму даў ён пяць таланёў, другому два і іншаму адзін, кажнаму подле здольнасьці ягонае; і зараз пакінуў дом.
Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў.
Тый, што адзяржаў пяць таланёў, зараз пайшоў, і таргаваў на іх, і прыдбаў другія пяць таланёў.
Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць.
Чыста так і тый, што адзяржаў два талані, прыдбаў другія два.
Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
Тый жа, што адзяржаў адзін талань, пайшоў, і пакапаў зямлю, і схаваў срэбла спадара свайго.
А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара.
Па даўгім часе, прыходзе спадар слугаў тых і вымагае ў іх лічбы.
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку.
І тый, што адзяржаў пяць таланёў, падышоўшы, прынёс другія пяць таланёў, кажучы: "Спадару! пяць таланёў ты перадаў імне; во другія пяць таланёў я прыдбаў’.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”.
Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Прышоў і тый, што адзяржаў два талані, і сказаў: "Спадару! два талані ты перадаў імне; во другія два талані я прыдбаў на іх’.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”.
Спадар ягоны сказаў яму: "Добра, добры а верны слуга! у нячысьленым ты быў верны, над чысьленым пастанаўлю цябе; увыйдзі ў радасьць спадара свайго’.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падыйшоў і тый, што адзяржаў адзін талань, і сказаў: "Спадару! я знаў цябе, што ты чалавек стродкі, жнеш, ідзе ня сеяў, і зьбіраеш, ідзе не рассыпаў;
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў.
І, баяўшыся, пайшоў і схаваў талань гвой у зямлі; во табе твае’.
Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”.
Спадар жа, адказуючы, сказаў яму: "Нягодны а ляны слуга! ты ведаў, што я жну, ідзе не пасеяў, і зьбіраю, ідзе не рассыпаў;
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў.
Затым належыла табе аддаць срэбла мае пенязяменам, і я прышоўшы, адзяржаў бы маё з прыбыткам.
Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай.
Дык вазьміце ў яго талань і дайце маючаму дзесяць таланёў,
Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў.
Бо кажнаму маючаму дасца, і ён будзе мець дастатак, а ў нямаючага адыймецца й тое, што мае.
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае.
А некарыснага слугу кіньце да цемрадзі навоннае; там будзе плач а скрыгот зубамі’.
А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
«Як Сын Людзкі прыйдзе ў славе Сваёй, і ўсі сьвятыя ангілы зь Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае;
Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй.
І зьбяруцца перад Ім усі народы; і адлуча адны ад адных, як пастыр адлучае авечкі ад казлоў;
Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
І пастанове авечкі па правіцы Свае, а казлы — па лявіцы.
Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Кароль тым, што па правіцы Ягонае: «Прыйдзіце, дабраславёныя Айца Майго, адзяржыце на спадак гаспадарства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету;
Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Бо Я прагнуў, і вы далі Імне есьці; сьмяг, і вы далі Імне піць; быў чужанінам, і вы частавалі Мяне;
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
Быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы даведаліся Мяне; у вязьніцы быў, і вы прышлі да Мяне».
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, і далі есьці? альбо ўсьмяглага, і далі піць?
Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі?
Калі мы бачылі Цябе чужанінам, і частавалі? альбо голага, і аддзелі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі?
Калі мы бачылі Цябе хворага альбо ў вязьніцы, і даведаліся Цябе?’
Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
І, адказуючы, Кароль скажа ім: "Запраўды кажу вам: на колькі вы зрабілі гэта аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, то зрабілі Імне’.
І Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
Тады скажа й тым, што па лявіцы: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны нячысьціку а ангілам ягоным;
Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я прагнуў, і вы не далі Імне есьці; сьмяг, і вы не далі Імне піць;
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
Быў чужанінам, і не пачаставалі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў вязьніцы, і не даведаліся Мяне’.
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
Тады й яны, адказуючы, скажуць: "Спадару! калі мы бачылі Цябе прагнучага, альбо сьмягнучага, альбо як чужаніна, альбо голага, альбо хворага, альбо ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?’
Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?”
Тады, адкажа ім, кажучы: "Запраўды кажу вам: як не зрабілі гэтага аднаму з гэтых найменшых, то не зрабілі Імне’.
А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”.
І пойдуць гэтыя на кару вечную, а справядлівыя да жыцьця вечнага»
І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».