Мацьвея 19 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Як Ісус скончыў словы гэтыя, то адышоў з Ґалілеі і прышоў да граніцаў юдэйскіх, на тый бок Ёрдану.
 
Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдана.

За ім пайшло шмат грудоў, і Ён уздаравіў іх там.
 
Ішло за Ім вялікае мноства людзей, і Ён аздаравіў іх там.

І прыступіліся да Яго фарысэі, і, спакушаючы Яго, казалі Яму: «Ці з кажнае прычыны дазволена камусь адпушчаць жонку сваю?»
 
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: «Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца са сваёй жонкаю?»

Ён, адказуючы, сказаў ім: «Ці ня чыталі вы, што Тый, Хто стварыў іх на пачатку, мужчынаю й жонкаю ўчыніў іх.
 
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?»

І сказаў: ’Затым пакіне чалавек айца й маці, і прыліпне да жонкі свае, і будуць двое адным целам’;
 
І сказаў: «Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.

Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык, што Бог злучыў, таго людзіна хай не разлучае».
 
Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

Яны кажуць Яму: «Як жа Масей расказаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе?»
 
Тады яны сказалі Яму: «Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?»

Ён кажа ім: «Масей з прычыны калянасьці сэрца вашага дазволіў вам адпушчаць жонкі вашыя; а спачатку ня было гэтак.
 
Ён адказаў ім: «Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было.

Але Я кажу вам, што хто адпусьце жонку сваю не за бязулства і ажэніцца з другой — чужаложа; і хто жэніцца з адпушчанай — чужаложа.
 
А Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць».

Кажуць Яму вучанікі Ягоныя: «Калі такая справа чалавека із жонкаю, то валей не жаніцца».
 
Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца».

Але Ён сказаў ім: «Ня ўсі зьмяшчаюць гэтае слова, адно каторым гэта дана;
 
Ён жа адказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена.

Бо ё легчанцы, што нарадзіліся таковымі із жывата маці; і ё легчанцы, каторых людзі вылягчалі; і ё легчанцы, што самы сябе вылягчалі дзеля гаспадарства нябёснага. Хто можа зьмяшчаць, няхай зьмяшчае».
 
Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее».

Тады прывялі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучанікі ж сварыліся на іх.
 
Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім.

Але Ісус сказаў: «Пусьціце дзеці, не перакажайце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ё гаспадарства нябёснае».
 
Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».

І, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль.
 
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

І вось, хтось, падышоўшы, сказаў Яму: «Вучыцелю добры! што добрага імне зрабіць, каб мець жыцьцё вечнае?»
 
І вось, да Яго падышоў адзін чалавек і сказаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?»

Ён жа сказаў яму: «Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго — Бога. Калі ж хочаш увыйсьці ў жыцьцё, дзяржы расказаньні».
 
Ён адказаў яму: «Чаму пытаешся ў Мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі».

Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьветч хвальшыва;
 
Той спытаўся ў Яго: «Якія?» Езус адказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,

Сьці айца й маці, і любі прыяцеля свайго, як самога сябе».
 
шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе».

Маладзён кажа Яму: «Усе гэта рабіў я з маладосьці свае; чаго яшчэ не стаець імне?»
 
Юнак сказаў Яму: «Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?»

Ісус сказаў яму: «Калі хочаш быць дасканальным, пайдзі, прадай маемасьць сваю і раздай убогім; і будзеш мець скарб на нябёсах; і прыходзь а йдзі за Імною».
 
Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною».

Пачуўшы слова гэтае, маладзён адышоў смутны, бо ён меў вялікую маемасьць.
 
Пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Ісус жа сказаў вучанікам Сваім: «Запраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства нябёснае.
 
А Езус сказаў сваім вучням: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.

І ўзноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці пераз вушка голкі, чымся багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства Божае».
 
І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».

Пачуўшы гэта, вучанікі Ягоныя вельмі зумеліся й сказалі: «Дык хто ж можа спасьціся?»
 
Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: «Дык хто ж можа збавіцца?»

А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: «Людзём гэта немагчыма, але Богу ўсё магчыма».
 
Езус паглядзеў і сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

Тады Пётра, адказуючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што ж нам будзе?»
 
Тады Пётр спытаў Яго: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?»

І сказаў ім Ісус: «Запраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Імною, у вадраджэньню, як сядзе Сын Людзкі на пасадзе славы Свае, сядзеце й вы на двананцацёх пасадах судзіць двананцаць пакаленьняў Ізраелявых.
 
А Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямёнаў Ізраэля.

І кажны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстры, альбо айца, альбо маці, альбо жонку, альбо дзеці, альбо землі, дзеля імені Майго, адзяржыць сто разоў, і жыцьцё вечнае спадзець яму.
 
І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.

Шмат якія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
 
Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.