Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сталася: калі Ісус закончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Іудзейскія за Іярдан.
Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдана.
І ўслед за Ім пайшлі вялікія натоўпы, і Ён вылечыў іх там.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей, і Ён аздаравіў іх там.
І падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы [Яму]: Ці дазваляецца чалавеку адпусціць сваю жонку з усялякай прычыны?
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: «Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца са сваёй жонкаю?»
Ён сказаў [ім] у адказ: Ці не чыталі вы, што Творца стварыў як мужчыну і жанчыну?
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?»
І сказаў: «Таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і будуць яны абое адным целам?»
І сказаў: «Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.
Так што яны ўжо не двое, а адно цела. Дык тое, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
Яны кажуць Яму: Чаму ж Маісей запаведаў даваць разводны ліст і адпускаць [яе]?
Тады яны сказалі Яму: «Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?»
Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці вашага сэрца дазволіў вам адпускаць вашых жонак, ад пачатку ж не было так.
Ён адказаў ім: «Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было.
А Я кажу вам: хто адпусціць сваю жонку не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, чужаложыць. Хто ажэніцца з другою63, чужаложыць.
А Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць».
Кажуць Яму вучні [Яго]: Калі такія адносіны ў чалавека з жонкаю, то лепей не жаніцца.
Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца».
Ён жа сказаў ім: Не ўсе прымаюць [гэтае] слова, а каму дадзена.
Ён жа адказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена.
Бо ёсць еўнухі, якія з матчынага ўлоння такімі нарадзіліся; і ёсць еўнухі, якіх людзі зрабілі такімі; і ёсць еўнухі, якія самі сябе зрабілі такімі дзеля Царства Нябёсаў. Хто можа прыняць, няхай прыме.
Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее».
Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім.
Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім.
Ісус жа сказаў: Пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне; бо такіх ёсць Царства Нябёсаў.
Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І вось адзін, падышоўшы да Яго, сказаў: Настаўніку [добры], што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?
І вось, да Яго падышоў адзін чалавек і сказаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?»
Ён жа сказаў яму: Чаму ты пытаешся ў мяне пра добрае? Адзін толькі ёсць Добры64. Калі ж ты хочаш увайсці ў жыццё, выконвай запаведзі.
Ён адказаў яму: «Чаму пытаешся ў Мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі».
Той кажа Яму: Якія? — Ісус жа сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы лжыва,
Той спытаўся ў Яго: «Якія?» Езус адказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,
шануй бацьку і маці; і: любі свайго блізкага, як самога сябе».
шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе».
Юнак кажа Яму: Усё гэта я выконваю [са сваёй маладосці]; чаго яшчэ нестае?
Юнак сказаў Яму: «Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?»
Ісус сказаў яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і аддай убогім; і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною.
Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною».
Але юнак, пачуўшы [гэтае слова], адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць.
Пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.
Ісус жа сказаў Сваім вучням: Сапраўды кажу вам: Багатаму цяжка будзе ўвайсці ў Царства Нябёсаў.
А Езус сказаў сваім вучням: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.
Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Вучні ж, пачуўшы, моцна ўразіліся, кажучы: Тады хто можа ўратавацца?
Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: «Дык хто ж можа збавіцца?»
А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: Людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.
Езус паглядзеў і сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што тады будзе нам?
Тады Пётр спытаў Яго: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?»
Ісус жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшоў ўслед за Мною, пры новым нараджэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне Сваёй славы, сядзеце і вы на дванаццаці тронах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых.
А Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямёнаў Ізраэля.
І кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, [ці жонку], ці дзяцей, ці палі дзеля Майго імя, атрымае ў сто разоў больш і ў спадчыну вечнае жыццё.
І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.
Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.