2 Яна 1 разьдзел

Другое пасланьне Яна
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Старэйшына — выбранай гаспадырыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто ўведаў праўду,
 
Старэйшына — да Выбранай Пані і яе дзяцей, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто пазнаў праўду

дзеля праўды, якая жыве ў нас і будзе з намі навекі.
 
дзеля праўды, якая трывае ў нас і будзе з намі навекі.

Няхай будзе з намі1 ласка, літасць, мір ад Бога Бацькі і ад [Госпада] Ісуса Хрыста, Сына Бацькі, у праўдзе і ў любові!
 
Ласка, міласэрнасць ды спакой ад Бога і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, няхай будзе з намі ў праўдзе і любові.

Я вельмі ўзрадаваўся, што між тваіх дзяцей знайшоў тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі запаведзь ад Бацькі.
 
Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца.

І цяпер прашу цябе, гаспадарыня — не як новую запаведзь пішучы табе, а тую, якую мы мелі ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

І гэта ёсць любоў: каб мы жылі паводле Яго запаведзяў; гэта ёсць запаведзь, як вы чулі ад пачатку, каб вы паводле яе жылі.
 
Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, якую вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе.

Бо многа ашуканцаў выйшла2 ў свет, тых, што не вызнаюць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Такі чалавек ашуканец і антыхрыст.
 
Бо шмат ашуканцаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі ёсць ашуканцам і антыхрыстам.

Глядзіце за сабою, каб не страціць вам3 таго, над чым мы працавалі, а каб атрымаць поўную ўзнагароду.
 
Зважайце на сябе, каб вы не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду.

Кожны, хто пераступае вучэнне Хрыста і не жыве ў ім, не мае Бога; хто жыве ў вучэнні [Хрыстовым], той мае і Бацьку і Сына.
 
Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.

Калі хто-небудзь прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не кажыце яму: «Радавацца!»4
 
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не вітайце.

Бо той, хто кажа яму: «Радавацца!» — саўдзельнічае ў яго ліхіх учынках.
 
Хто прывітае яго, той удзельнічае ў яго дрэнных справах.

Шмат маю пісаць вам, але не хачу пісаць на паперы чарніламі, а спадзяюся прыйсці да вас і пагаварыць з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю.
 
Пра многае маю напісаць вам, але не хачу на паперы атрамантам, бо спадзяюся быць у вас і паразмаўляць з вамі, каб радасць нашая была поўнай.

Вітаюць цябе дзеці тваёй выбранай сястры. [Амін].
 
Вітаюць цябе дзеці тваёй Выбранай Сястры.