Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Іуда, раб Ісуса Хрыста і брат Іякава, — пакліканым, улюбёным1 у Бога Бацьку і захаваным Ісусам Хрыстом:
Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус.
міласць вам, і мір, і любоў няхай памножыцца.
Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.
Улюбёныя, прыкладаючы ўсю стараннасць, каб пісаць вам пра наша агульнае выратаванне, я палічыў неабходным напісаць вам, заклікаючы вас змагацца за веру, раз назаўсёды перададзеную святым.
Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым.
Бо пракраліся некаторыя людзі, якія здаўна загадзя запісаны на гэты суд; бязбожныя людзі, што перакручваюць ласку нашага Бога ў распусту і выракаюцца адзінага Ўладара [Бога] і Госпада Ісуса Хрыста.
Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.
Але я хачу нагадаць вам, хоць вы самі ўсё ведаеце, што Госпад, выратаваўшы аднойчы народ з егіпецкай зямлі, другі раз знішчыў тых, хто не паверыў;
Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў.
і анёлаў, што не захавалі сваёй годнасці, а пакінулі ўласнае жыллё, Ён ахоўвае ў вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня;
Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня.
як Садом і Гамора і навакольныя гарады, якія гэткім чынам аддаліся распусце і пайшлі за іншым целам, пастаўлены як прыклад, падпаўшы пад пакаранне вечнага агню.
Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.
Аднак падобна і гэтыя летуценнікі, аддаючыся мроям у сне, апаганьваюць цела, адкідваюць уладарства, блюзнераць супроць нябеснай славы.
Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты.
А Архангел Міхаіл, калі разбіраўся з д’яблам і спрачаўся пра Маісеева цела, не адважыўся выказаць зняважлівага прысуду супроць яго, а сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад».
Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!»
А гэтыя ўсё тое, чаго не ведаюць, зневажаюць; а ўсё, што з прыроды ведаюць, як неразумныя жывёліны, тым губяць сябе.
А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць.
Бяда ім, бо яны пайшлі Каінавай дарогаю, паддаліся падману, як Валаам за ўзнагароду, і ў бунце, як Карэй, загінулі.
Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе!
Гэтыя людзі — падводныя рыфы на вашых вячэрах любові: банкетуюць разам з вамі без страху, пасуць саміх сябе; яны бязводныя воблакі, ветрам гнаныя; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, вырваныя з коранем;
Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя,
раз’юшаныя марскія хвалі, што пеняцца сваімі гнюснасцямі; блуклівыя зоркі, для якіх захаваны змрок цемры навекі.
гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.
І Гэнох, сёмы ад Адама, таксама прарочыў пра іх, кажучы: «Вось прыйшоў Госпад з мірыядамі Сваіх святых [Анёлаў],
Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых,
каб зрабіць суд над усімі і выкрыць усіх бязбожных ва ўсіх бязбожных учынках, якія яны натварылі ў бязбожжы, і ва ўсіх жорсткіх словах, якія бязбожныя грэшнікі сказалі супроць Яго».
каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі».
Гэта бурклівыя цынікі, якія ідуць усё далей паводле сваіх пажадлівасцяў; а вусны іх кажуць высакапарнасці: яны ліслівяць людзям дзеля выгады.
Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.
Але вы, улюбёныя, успомніце2 словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Госпада Ісуса Хрыста,
Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста,
што яны казалі вам: «У апошні час будуць глумліўцы, што ідуць усё далей паводле ўласных пажадлівасцяў бязбожжа».
які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў.
Гэта тыя, хто робіць падзелы, пажадлівыя, што не маюць духа.
Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.
Але вы, улюбёныя, ствараючы сябе на вашай найсвяцейшай веры, молячыся ў Святым Духу,
Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым.
захоўвайце сябе ў Божай любові, чакаючы міласці нашага Госпада Ісуса Хрыста для вечнага жыцця.
Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
І да адных будзьце літасцівыя — да тых, хто сумняваецца [адрозніваючы],
Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя;
ратуйце, выхопліваючы з агню. Да іншых будзьце літасцівымі3 ў страху, гідзячыся нават адзення, заплямленага целам.
другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
Але Таму, Хто можа захаваць вас ад спатыкнення і паставіць перад Сваёю славай беззаганнымі ў радасці,
А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі,
Адзінаму [Мудраму] Богу, нашаму Збаўцу, праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада — слава, веліч, сіла і ўлада раней за ўсе вякі, і цяпер, і на ўсе вякі, амін.
Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.