Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Асцерагайцеся [ж] выстаўляць сваю праведнасць10 перад людзьмі, каб яны бачылі вас: а як не, няма вам узнагароды ад вашага Бацькі, што ў нябёсах.
Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Дык, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб праслаўлялі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны спаўна атрымліваюць сваю узнагароду.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
А ты, калі даеш міласціну, — няхай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая,
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
каб твая міласціна была ў таямніцы, і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
І калі моліцеся, не будзьце як крывадушнікі, таму што яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказаць сябе людзям; сапраўды кажу вам, [што] яны спаўна атрымліваюць сваю ўзнагароду.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
А ты, калі молішся, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы свае, памаліся твайму Бацьку, што ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
А молячыся, не кажыце пустога, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў сваім шматслоўі будуць пачутыя;
Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
дык не прыпадабняйцеся да іх, бо ваш Бацька ведае, у чым вы маеце патрэбу, перш чым вы ў Яго папросіце.
Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Вы ж маліцеся так: Татухна наш, Які ў нябёсах! Няхай асвяціцца Тваё імя;
Таму вы так маліцеся:Ойча наш, каторы ёсць у небе,свяціся імя Тваё,
няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі.
прыйдзі Валадарства Тваё,будзь воля Твая,як у небе, так і на зямлі.
Хлеб наш надзённы дай нам сёння;
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
і даруй нам нашы правіны, як і мы даравалі11 нашым вінаваўцам;
і адпусці нам правіны нашы,як і мы адпускаем вінаватым нашым.
і не дай нам паддацца спакусе, але збаў нас ад ліхога12. [Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава навекі. Амін].
І не ўводзь нас у спакусу,але збаў нас ад злога.
Бо калі вы даруеце людзям іх правіны, даруе і вам Бацька ваш Нябесны;
Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
а калі вы не даруеце людзям [іх правінаў], то і ваш Бацька не даруе вашых правінаў.
А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
А калі посціце, не рабіце, як крывадушнікі панурыя; бо яны напускаюць на сябе пануры погляд, каб паказаць людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам, [што] яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
А ты, калі посціш, памаж сваю галаву і памый свой твар,
Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
каб з’явіцца ў пасце не перад людзьмі, а перад тваім Бацькам, Які ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць:
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не нішчаць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць;
Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
бо дзе твой13 скарб, там будзе і тваё14 сэрца.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Светач цела — вока. Дык калі тваё вока будзе простае, усё тваё цела будзе светлае;
Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
калі ж тваё вока будзе ліхое, усё тваё цела будзе цёмнае. Дык калі святло, што ў табе, — цемра, то якая ж вялікая цемра?
Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога — любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне15.
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Таму кажу вам: не турбуйцеся пра ваша жыццё, што есці [ці што піць], і ні пра ваша цела, у што адзецца. Хіба жыццё не большае за яду, і цела за адзенне?
Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
Паглядзіце на нябесных птушак, што не сеюць, не жнуць, не збіраюць у свірны, а ваш Нябесны Бацька корміць іх. Хіба вы не важнейшыя за іх?
Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
Хто з ж вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту хоць бы адзін локаць16?
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
І пра адзенне што турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
кажу ж вам, што нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Калі ж палявую траву, што ёсць сёння, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так прыбірае, то ці ж не тым болей адзене вас, малаверы!
Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
Дык не турбуйцеся і не кажыце: «Што нам есці?» або «Што нам піць?», або «У што адзявацца?».
Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; бо ваш Нябесны Бацька ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
Шукайце ж перш Царства [Божага] і Яго праведнасці. І ўсё гэта дадасца вам.
Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
Дык не турбуйцеся пра заўтра: бо заўтра само патурбуецца пра сябе; даволі для кожнага дня сваёй трывогі.
Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.