Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Тады Валадарства Нябёсаў будзе ўпадоблена да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьветачы свае, выйшлі на сустрэчу Маладому.
Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху.
І сярод іх былі пяць мудрыя, і пяць — няразумныя.
Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя.
Тыя, каторыя няразумныя, узяўшы сьветачы свае, ня ўзялі з сабою алею.
Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею.
Мудрыя ж разам са сьветачамі сваімі ўзялі алей у судзіны свае.
Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны.
А як Малады замарудзіў, то задрамалі ўсе і пасну́лі.
Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Але апоўначы прагучаў крык: вось Малады ідзе, выходзьце на сустрэчу Яму.
А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”.
Тады ўсталі ўсе гэныя дзевы і паправілі сьветачы свае.
Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы.
А няразумныя сказалі мудрым: дайце нам вашага алею, бо сьветачы нашыя гаснуць.
Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”.
А мудрыя адказалі, кажучы: каб ня сталася няхопіцы і ў нас і ў вас, дык пайдзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе.
А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў Малады, і гатовыя ўвайшлі зь Ім на вясельле, і дзьверы былі зачынены.
Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
Пасьля ж прыходзяць і рэшта дзеў, кажучы: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам!
Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”.
Ён жа адказаўшы сказаў: праўду кажу вам: ня ведаю вас.
А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”.
Пагэтаму будзьце на старожы, бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую Сын Чалавечы прыйдзе.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Бо як чалавек, пакідаючы дом, паклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю.
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць.
І аднаму даў (ён) пяць талянтаў, другому ж — два, а іншаму — адзін, кожнаму паводля ягонай сілы, і зараз жа пакінуў дом.
Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў.
І той, што атрымаў пяць талянтаў, пайшоўшы, скарыстаў іх у справе і набыў другія пяць талянтаў.
Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць.
Гэтак сама і той, што атрымаў два (талянты): набыў і ён другія два (талянты).
Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
А той, што атрымаў адзін талянт, адыйшоўшыся, закапаў (яго) у зямлю і схаваў срэбра гаспадара свайго.
А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара.
І па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў гэных і патрабуе ў іх справаздачы.
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку.
І, падыйшоўшы, той, што атрымаў пяць талянтаў, прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: Гаспадар! пяць талянтаў (ты) даручыў мне; глядзі, другія пяць талянтаў набыў я за іх.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”.
А гаспадар ягоны сказаў яму: добра, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара свайго.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Таксама і той, што атрымаў два талянты, падыйшоўшы сказаў: гаспадар! два талянты даручыў ты мне, глядзі, другія два талянты набыў я за іх.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”.
Гаспадар ягоны сказаў яму: добра, добры і верны раб! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Таксама і той хто атрымаў адзін талянт падыйшоўшы сказаў: гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня пасеяў, і зьбіраеш, дзе ня рассыпаў.
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў.
Дык пабаяўшыся пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось атрымай тваё.
Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”.
І, адказаўшы, гаспадар ягоны сказаў яму: ліхі і ляны раб! ты ведаў, што я жну, дзе ня пасеяў, і зьбіраю дзе ня рассыпаў.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў.
Дзеля гэтага належала табе аддаць срэбра маё мянялам, і я прыйшоўшы дастаў бы маё з прыбыткам.
Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай.
Пагэтаму вазьміце ў яго талянт і аддайце таму, хто мае дзесяць талянтаў.
Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў.
Бо ко́жнаму, хто мае, будзе дадзена і памно́жыцца; а ў таго, хто ня мае будзе аднята і тое, што мае.
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае.
А нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую; там будзе лямант і скрыгот зубоў.
А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў Славе Сваёй, і ўсе сьвятыя Ангелы зь Ім, тады сядзе на Пасадзе Славы Сваёй
Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй.
І будуць сабраны перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
І (Ён) паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў зь левага (боку).
Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Валадар тым, што справа ад Яго: прыйдзеце багаславёныя Ба́цькі Майго, атрымайце ў спадчыну Валадарства прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету.
Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Бо (Я) галадаў, і вы далі Мне есьці, хацеў піць, і (вы) напаілі Мяне, быў падарожным, і (вы) прынялі Мяне;
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў няапрануты, і (вы) адзелі Мяне; быў хворы, і (вы) адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і (вы) прыйшлі да Мяне.
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
Тады праведнікі адкажуць Яму кажучы: Госпадзе! калі (мы) бачылі Цябе галадаючым і накармілі ці сьмягнучым і напаілі?
Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі?
І калі (мы) бачылі Цябе падарожным і прынялі альбо няапранутым і адзелі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі?
Альбо калі (мы) бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы і прыйшлі да Цябе?
Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
Тады адказаўшы Валадар скажа ім: праўду кажу вам: як што зрабілі (вы гэта) аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, (вы) зрабілі Мне.
І Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
Тады скажа і тым, што зьлева (ад Яго): ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны д’яблу і ангелам ягоным.
Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я галадаў, і (вы) ня далі Мне есьці; хацеў піць, і (вы) ня напаілі Мяне.
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
Быў падарожным, і (вы) ня прынялі Мяне; быў няапрануты, і (вы) ня адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і (вы) ня адведалі Мяне.
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
Тады і яны адкажуць Яму кажучы: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галадаючым ці сьмягнучым, ці падарожным, ці няапранутым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і ня паслужылі Табе?
Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?”
Тады адкажа ім кажучы: праўду кажу вам: як (вы) ня зрабілі (гэтага) аднаму з гэтых меншых, то ня зрабілі Мне.
А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”.
І пойдуць гэтыя на кару вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».