Мацьвея 17 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пётру, Якуба і Яана, брата ягонага, і ўзводзіць іх адных на высокую гару.
Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару,
І пераабразіўся перад імі: і зазьзяла Аблічча Ягонае, як сонца, а адзецьці Ягоныя сталіся белымі, як сьвятло.
і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло.
І вось, зьявіліся ім Масей і Ільля, размаўляючы зь Ім.
І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.
І загаварыўшы Пётра сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры буданы: Табе адзін, Масею адзін і адзін Ільлю.
Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось Голас із воблака гаворыць: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якога Я моцна ўпадабаў; Яго слухайце!
Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце».
І, пачуўшы, вучні ўпалі на абліччы свае і вельмі перапалохаліся.
Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.
І падыйшоўшы Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.
А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся».
І падняўшы вочы свае (яны) нікога ня ўбачылі акрамя аднаго Ісуса.
Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
І калі яны сыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому ня кажыце пра гэтае бачаньне, пакуль Сын Чалавечы ня ўваскрэсьне зь мёртвых.
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці раней?
Вучні ж спыталіся ў Яго: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
Ісус жа, адказаўшы, сказаў ім: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё.
Ён адказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе і адновіць усё.
Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды ня пазналі яго, а зрабілі зь ім, што захацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх».
Тады вучні зразумелі, што (Ён) сказаў ім пра Яана Хрысьціцеля.
Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.
І калі яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалавек кленчучы перад Ім і кажучы:
Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Езуса нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені,
Госпадзе! зьлітуйся над маім сынам, бо ён памесяўнік і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду.
сказаў: «Пане, змілуйся над маім сынам; ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта — у ваду.
І (я) прывёў яго да вучняў Тваіх, і (яны) ня змаглі аздаравіць яго.
Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго».
І, адказаўшы, Ісус сказаў: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды.
Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне».
І загадаў яму Ісус, і выйшаў зь яго дэман, і быў аздароўлены юнак у тую ж хвіліну.
І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым.
Тады прыступіўшыся насамоце вучні сказалі Ісусу: чаму мы ня змаглі выгнаць яго?
Тады асобна падышлі да Езуса вучні і сказалі: «Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?»
Ісус жа сказаў ім: праз няверу вашую: бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне (і) скажаце гары гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык (яна) пяройдзе, і нічога ня будзе нямагчымага вам.
А Ён сказаў ім: «З прычыны малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага».
Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і по́стам.
[отсутсвует]
А ў час быцьця іхнага ў Галілеі сказаў ім Ісус: Сын Чалавечы мае быць аддадзеным ў рукі чалавечыя.
Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі людзей,
І заб’юць Яго, і на трэйці дзень будзе ўваскрэшаны. І (яны) вельмі зажа́ліліся.
і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». Тады яны вельмі засмуціліся.
Калі ж яны прыйшлі ў Капэрнавум, дык падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дзідрахмаў і сказалі: ці ня заплаціць ваш Настаўнік падатка дзідрахмы?
Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: «Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?»
Ён кажа: так. І калі (ён) увайшоў у дом, дык Ісус абпярэдзіў яго, кажучы: як табе здаецца Сымоне? Валадары зямныя з каго бяруць даніны ці падатак — з сыноў сваіх ці зь іншых?
Той адказаў: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў ці з чужых?»
Кажа Яму Пётра: зь іншых. Ісус сказаў яму: значыць сыны вольныя.
А калі ён адказаў: «З чужых», Езус сказаў яму: «Значыць, сыны свабодныя.
Але каб нам ня спакусіць іх пайшоўшы на мора закінь вуду і вазьмі першую злоўленую рыбу; і, расчыніўшы яе рот, знойдзеш стацір; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе.
Але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе».