Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Тады прыходзяць да Ісуса зь Ярузаліму кніжнікі і хварысэі, кажучы:
Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі:
чаму вучні Твае парушаюць звычай старэйшынаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
«Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?»
Ён жа адказаўшы сказаў ім: чаму і вы парушаеце прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага?
А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі?
Бо Бог загадаў, кажучы: шануй бацьку твайго і матку; і — хто ліхасловіць бацьку ці матку, няхай памрэ сьмерцяй.
Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо матцы: дар (Богу) — тое, чым бы ты ад мяне скарыстаўся,
А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: ‘Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы’,
той можа і ня ўшанаваць бацьку свайго альбо матку сваю; такім чынам вы скасавалі прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага.
то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі.
Крывадушнікі! добра прарочыў аб вас Гісая, кажучы:
Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:
набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе адлягае далёка ад Мяне.
“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,а сэрца іхняе далёка ад Мяне.
Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням, запаветам чалавечым.
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”».
І паклікаўшы людзей сказаў ім: слухайце і разумейце:
І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце.
ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але (тое), што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»
Тады вучні Ягоныя, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ведаеш, што хварысэі, пачуўшы Слова гэтае, адступіліся ў супраціў?
Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
Ён жа адказаўшы сказаў: усякая расьліна, якую ня пасадзіў Ба́цька Мой Нябесны, будзе выкаранена.
А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі.
Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога абодва ўваляцца ў яму.
Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму».
І адказаўшы Пётра сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэтую.
Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
Ісус жа сказаў: усё яшчэ і вы няцямлівыя?
І Ён сказаў: «Вы і далей не разумееце?
Ці яшчэ ня разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, уваходзіць у чэрава, і выкідаецца вон?
Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі?
А што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэтае апаганьвае чалавека:
Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека.
бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, блудадзействы, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, блюзьнерствы:
Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.
гэта апаганьвае чалавека. А есьці няпамытымі рукамі — ня апаганьвае чалавека.
Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека».
І выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у землі Тыра і Сыдона.
Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона.
І вось жанчына хананэйская, прыйшоўшая з тых ваколіц закрычала Яму, кажучы: зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сын Давіда! Дачку маю жорстка мучыць дэман.
І вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая».
Але Ён ня адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшыся, упрашвалі Яго: адпусьці яе, бо яна крычыць за намі.
Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі».
Ён жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да загíнулых авечак дому Ізраэля.
Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля».
А яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!»
Ён жа адказаўшы, сказаў: ня добра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабакам.
Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
Яна ж сказала: так, Госпадзе! але й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхных.
Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
Тады адказаўшы, Ісус сказаў ёй: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе як жадаеш. І аздароўлена была дачка яе з тае гадзíны.
Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». І з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
І перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілеі і ўзыйшоўшы на гару сеў там.
Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў.
І прыступіліся да Яго мноства людзей, якія мелі з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых і паклалі іх да Ног Ісусавых; і (Ён) аздаравіў іх;
І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх.
так што людзі зьдзіўляліся, бачучы, нямых гаворачымі, калек здаровымі, кульгавых ходзячымі і сьляпых бачучымі; і праславілі Бога Ізраэля.
Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
Ісус жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх сказаў: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці; а адпусьціць іх галоднымі ня хачу, каб ня аслаблі ў дарозе.
Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе».
І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам (узяць) у пустэльні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?»
І кажа ім Ісус: сколькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем, і некалькі рыбак.
А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак».
І загадаў людзям узьлегці на зямлю.
І, загадаўшы людзям сесці на зямлю,
І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, учыніў падзяку, паламаў і даў вучням Сваім; а вучні — народу.
узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям.
І паелі ўсе і наеліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў.
А еўшых было — чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек.
І адпусьціўшы народ Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалы.
Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.