Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы то сказаў вучням Сваім:
Калі Езус скончыў усе гэтыя словы, сказаў сваім вучням:
(вы) ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы выданы будзе на раскрыжаваньне.
«Ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».
Тады былі сабраныя архірэі і кніжнікі і старэйшыны народу на падворак архірэя якога называлі Каяхва.
Тады першасвятары і старэйшыны народу сабраліся на дзядзінцы першасвятара, якога звалі Каяфам.
І ўчынілі змову каб узяць Ісуса хітрасьцяй і забіць.
Яны правялі нараду, як подступам схапіць Езуса і забіць.
Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня ўзьняло́ся абурэньне ў народзе.
Але казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».
Калі ж Ісус быў у Бітані, у доме Сымона пракажонага,
Калі ж Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона,
прыступілася да Яго жанчына з алябастраваю судзінаю зь мірам мнагацэнным і паліла́ Яму на Галаву як узьляжаў.
падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконам каштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён быў за сталом.
Угледзіўшы (гэтае), вучні Ягоныя ўгневаліся, кажучы: навошта гэткае марнаваньне?
Убачыўшы гэта, вучні абурыліся і сказалі: «Навошта гэткае марнатраўства?
Бо можна было бы гэтае міра прадаць за дарагую цану і даць убогім.
Можна было б дорага прадаць гэта і раздаць убогім».
Але Ісус уведаўшы (гэтае), сказаў ім: нашто робіце няпрыемнасьць жанчыне? Яна добры ўчынак учыніла для Мяне.
Але Езус, убачыўшы гэта, сказаў ім: «Чаму дакучаеце жанчыне? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак.
Бо ўбогіх заўсёды маеце побач з сабою, а Мяне ня заўсёды маеце.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.
А ўзьліўшы міра гэтае на Цела Маё, яна ўчыніла на пахаваньне Маё.
Праліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне.
Праўду кажу вам: дзе б ні было абвешчана Эвангельле гэтае па ўсім сьвеце, ска́зана будзе і (аб тым) што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, сказана будзе і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй».
Тады адзін з дванаццацёх, называ́ны Юда Іскарыёт, пайшоў да архірэяў,
Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў
сказаў: што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбнікаў.
і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў.
І з таго часу ён шукаў зручнай наго́ды каб выдаць Яго.
І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.
У першы ж дзень Праснакоў прыступіліся вучні да Ісуса кажучы Яму: дзе хочаш, каб (мы) прыгатавалі Табе есьці Пасху?
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху?»
Ён жа сказаў: пайдзеце ў места да такога і такога і скажыце яму: Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зро́блю Пасху з вучнямі Маімі.
Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю пасху з вучнямі Маімі”».
І вучні зрабілі як загадаў ім Ісус; і прыгатавалі Пасху.
Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.
Калі ж настаў вечар Ён узьлёг з дванаццацьма вучнямі.
Калі ж настаў вечар, Ён з Дванаццаццю заняў месца ля стала.
І калі (яны) елі Ён сказаў: праўду кажу вам што адзін з вас прадасьць Мяне.
А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
І, крэпка засумаваўшы, пача́лі гаварыць Яму кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?»
Ён жа адказаўшы сказаў: той, хто памачыў са Мною руку ў місе, гэты прадасьць Мяне.
А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
Бо Сын Чалавечы ідзе так, як напісана аб Ім: але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепей было б гэнаму чалавеку, калі б ён ня быў народжаным.
Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».
Пачаўшы гаварыць і Юда, што прадаў Яго, сказаў: ці ня я, Раўві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».
І, калі яны елі, Ісус узяўшы хлеб і багаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прымеце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё.
Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё».
І, узяўшы чару і аддаўшы хвалу, пада́ў ім, сказаўшы: піце зь яе ўсе;
І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў.
Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад плоду гэтага вінаграду аж да гэнага дня, калі (Я) буду піць яго з вамі новае (віно) у Валадарстве Ба́цькі Майго.
Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».
І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліваў.
І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару.
Тады кажа ім Ісус: усе вы прымеце спакусу аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: паражу пастуха і будуць расьцярушаны авечкі стада. (Зах. 13:7)
Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”.
А па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі.
А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі».
Адказаўшы ж Пётра сказаў Яму: калі і ўсе будуць спакушаны аб Табе, я ніколі ня буду спакушаны.
А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся».
Ісус сказаў яму: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч перш чым прапяець певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Кажа Яму Пётра: нават калі і належыць мне з Табою памерці, ня адракуся ад Цябе. Падобнае сказалі і ўсе вучні.
Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.
Тады прыходзе Ісус зь імі на мейсца называнае Гэтсыманя і кажа вучням: сядзіце тут пакуль (Я) адыйшоўшы памалюся там.
Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там».
І, узяўшы Пятра і двух сыноў Завядзея (з Сабою), пачаў сумаваць і гаротна перажываць.
І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу.
Тады кажа ім (Ісус): глыбока пакутная Душа Мая аж да сьмерці: пабудзьце тут і пасуперажывайце са Мною.
Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною».
І, адыйшоўшыся трохі ўпаў на Аблічча Сваё, маліўся і гаварыў: Тата Мой дарагі! калі магчыма няхай абміне Мяне чара гэтая; аднак, ня як Я хачу, але як Ты!
І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты».
І прыходзіць да вучняў і знаходзіць іх сьпячымі, дый кажа Пятру: гэтак вы ня змаглі і аднае гадзіны пасуперажываць са Мною?
Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною?
Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. (Няпашкоджаны) дух гатовы (да змаганьня за праведнасьць), плоць жа (на гэта) няздольная.
Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое».
Ізноў, адыйшоўшыся другі раз памаліўся кажучы: Тата Мой дарагі! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб (Мне) ня піць яе, няхай станецца Воля Твая!
І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая».
І прыйшоўшы знаходзіць іх ізноў сьпячымі; бо вочы іхныя былі абцяжэўшымі.
І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя.
І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы ізноў памаліўся ў трэйці раз, мовіўшы тое ж слова.
Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: (вы) усё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы прадаецца ў рукі грэшнікаў.
Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, пойдзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».
І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім вялізны натоўп зь мечамі і каламі, ад архірэяў і старэйшынаў народу.
І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу.
А хто прадаваў Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго (я) пацалую, Той ёсьць Ён, хапайце Яго.
А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!»
І адразу падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Раўві! І пацалаваў Яго.
І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго.
А Ісус сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падыйшлі (і) усклалі ру́кі на Ісуса і ўзялі Яго.
А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго.
І вось адзін з быўшых з Ісусам выцягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба архірэявага, адсек яму вуха.
І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха.
Тады кажа яму Ісус: вярні меч свой у ягонае мейсца; бо ўсе, што ўзялі меч, ад меча загінуць.
Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне.
Ці думаеш, што (Я) ня магу зараз жа ўпрасіць Ба́цьку Майго, і (Ён) дасьць Мне больш чым дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Як жа збудуцца Пісаньні, што гэта мусіць стацца?
Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?»
У той час сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі (вы) зь мечамі і каламі схапіць Мяне; кожны дзень сядзеў (Я) з вамі, навучаючы ў Сьвятыні, і (вы) ня ўзялі Мяне.
У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне».
Гэтае ж усё сталася, каб збыліся Пісаньні Прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі.
А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А тыя, што схапілі Ісуса, завялі (Яго) да Каяхвы, архірэя, куды былі сабраны кніжнікі і старэйшыны.
А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
А Пётра сьледаваў за Ім здалёк аж да падворка архірэявага; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сядзеў са слугамі, каб убачыць канец.
Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.
А архірэі і старэйшыны і ўвесь сынэдрыён шукалі хвальшывае сьведчаньне супраць Ісуса, каб забіць Яго.
А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго,
І ня знайшлі; ня знайшлі і многія хвальшывыя сьведкі, што прыйшлі. Уканцы прыйшлі два ілжывыя сьведкі
і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое
і сказалі: Ён казаў: магу зруйнаваць Сьвятыню Бога і за тры дні збудаваць яе.
і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”».
І, устаўшы, архірэй сказаў Яму: нічога ня адказваеш? што яны проці Цябе сьведчаць?
Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»
Ісус жа маўчаў. І, прадоўжыўшы, архірэй сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам ці Ты Хрыстос, Сын Бога?
Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?»
Ісус кажа яму: ты сказаў, да таго ж кажу вам: адгэтуль убачыце Сына Чалавечага, седзячы з правага боку Сілы і ідучы на воблаках Неба.
Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».
Тады архірэй разьдзер адзежы свае, кажучы: (Ён) блюзьніць: на што нам яшчэ сьведкі? Вось цяпер (вы) пачулі блюзьнерства Ягонае.
Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае.
Як вам здаецца? Яны ж адказаўшы сказалі: варты сьмерці.
Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!»
Тады заплявалі Ягонае Аблічча і зьбілі Яго; другія ж білі Яго па шчоках,
Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках
кажучы: прароч нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?
і казалі: «Прароч нам, Хрыстэ, хто ўдарыў Цябе?»
А Пётра сядзеў вонках на падворку, і падыйшла да яго адна служанка, кажучы: і ты быў з Ісусам Галілейцам.
А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «І ты быў з Езусам з Галілеі!»
Але ён адрокся перад усімі, кажучы: ня ведаю, што (ты) гаворыш.
Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!»
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа быўшым там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем;
А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!»
і (ён) ізноў адрокся з прысягаю: ня ведаю Таго Чалавека.
І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!»
Крыху пазьней падыйшлі тыя, што стаялі (там і) сказалі Пётру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе».
Тады ён пачаў клясьціся і прысягаць: ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа запяяў певень.
Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень.
І было напомнена Пётру слова Ісуса ска́занае яму: перш чым прапяе певень тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі заплакаў горка.
Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.