Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:
Калі Езус скончыў усе гэтыя словы, сказаў сваім вучням:
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.
«Ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».
Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,
Тады першасвятары і старэйшыны народу сабраліся на дзядзінцы першасвятара, якога звалі Каяфам.
і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.
Яны правялі нараду, як подступам схапіць Езуса і забіць.
Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.
Але казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».
Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага,
Калі ж Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона,
прыступíла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.
падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконам каштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён быў за сталом.
Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?
Убачыўшы гэта, вучні абурыліся і сказалі: «Навошта гэткае марнатраўства?
Бо можна было́ б прадаць гэтае мíра за вялікія грошы і даць убогім.
Можна было б дорага прадаць гэта і раздаць убогім».
Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;
Але Езус, убачыўшы гэта, сказаў ім: «Чаму дакучаеце жанчыне? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак.
бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.
Бо ўзліўшы гэтае мíра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.
Праліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне.
Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.
Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, сказана будзе і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй».
Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў
сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.
і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў.
І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.
І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці пасху?»
Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі».
Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю пасху з вучнямі Маімі”».
І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.
Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі пасху.
Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.
Калі ж настаў вечар, Ён з Дванаццаццю заняў месца ля стала.
І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.
А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Яны вельмі засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?
Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?»
А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.
А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».
У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Раввí? Іісус кажа яму: ты сказаў.
Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».
А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё».
І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пíце з яе ўсе,
І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў.
Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».
І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.
І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару.
Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да».
Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”.
Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.
А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі».
У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.
А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся».
Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.
Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.
Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там».
І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.
І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу.
Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спíце.
Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною».
І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты».
І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзíны патрыва́ць са Мною?
Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною?
Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое».
І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая».
І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.
І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя.
І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы.
Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзíна, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.
Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.
І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу.
А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго.
А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!»
І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Раввí! І пацалаваў Яго.
І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго.
Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлí, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялí Яго.
А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго.
І вось, адзін з тых, што былí з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.
І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха.
Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загíнуць.
Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне.
Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасíць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?»
У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне? Кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялí Мяне.
У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне».
А ўсё гэта было́, каб збылíся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.
А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А тыя, што ўзялí Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.
А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.
Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.
Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,
А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго,
і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі
і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое
і сказалі: Ён гаварыў: «магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”».
І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?
Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»
Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?»
Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.
Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».
Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!
Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае.
як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.
Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!»
Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках
Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках
і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?
і казалі: «Прароч нам, Хрыстэ, хто ўдарыў Цябе?»
А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.
А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «І ты быў з Езусам з Галілеі!»
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.
Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!»
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былí там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.
А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!»
І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.
І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!»
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.
Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе».
Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень.
І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.
Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.