Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
У тыя дні прыхо́дзіць Іаан Хрысцíцель і прапаве́дуе ў пусты́ні Іудзейскай,
У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў:
і кажа: пака́йцеся, бо наблíзілася Царства Нябеснае.
«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Бо ён той, пра каго сказаў прарок Іса́ія: «голас таго, хто клíча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабíце сце́жкі Яму».
Гэта пра яго сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!”»
А ў само́га Іаана была́ вопратка з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы яго; а ежай яму былí акры́ды і дзікі мёд.
Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд.
Тады выхо́дзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё навако́лле Іарданскае
Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана
і хрысцíліся ў Іардане ад яго, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.
і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.
Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысцíцца, Іаан сказаў ім: адро́ддзе яхíдніна! хто вас намо́віў уцяка́ць ад бу́дучага гневу?
Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Прынясíце ж го́дны плод пакая́ння,
Прынясіце ж годны плён пакаяння
і не думайце гаварыць самі сабе: «айцец у нас Аўраам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.
і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.
Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага пло́ду, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.
Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.
Я хрышчу́ вас вадою дзе́ля пакая́ння; але Той, Хто ідзе за мною, мацне́йшы за мяне; я не ва́рты пане́сці абутак Яго; Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым і агнём.
Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жы́тніцу, а мякíну спа́ліць агнём непага́сным.
Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».
Тады прыхо́дзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысцíцца ад яго.
Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост.
Іаан жа стры́мліваў Яго, ка́жучы: мне трэба ад Цябе хрысцíцца, а Ты прыходзіш да мяне?
Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусцí цяпер, бо так нале́жыць нам здзе́йсніць усякую праўду. Тады Іаан дапуска́е Яго.
Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму.
І, ахрысцíўшыся, Іісус вы́йшаў адразу з вады; і вось, раскры́ліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, Які сыхо́дзіў як голуб і апуска́ўся на Яго.
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго.
І вось, голас з нябёсаў прамо́віў: гэта Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.
А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».