Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Тады Ісус пачаў гукаць грудом а вучанікам Сваім,
 
Тады Іісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх,

Кажучы: «На пасадзе Масеявым селі кніжнікі а фарысэі;
 
ка́жучы: на Маісеевым паса́дзе селі кніжнікі і фарысеі.

Дык усе, што-лень яны кажуць вам дзяржаць, дзяржыце й рабіце; але подле ўчынкаў іхных не рабіце, бо яны кажуць, а ня робяць:
 
Дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, ды не робяць.

Вяжуць цяжары цяжкія а нязручныя і кладуць на плечы людзём, а самы ня хочуць і палцам крануць іх;
 
Яны звя́зваюць цяжа́ры вялікія і непасíльныя і ўсклада́юць на плечы лю́дзям, а самі не хочуць і пальцам зру́шыць іх.

Усі ж учынкі свае робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць начэльнікі і доўжаць кутасы адзецьцяў сваіх;
 
Усе справы свае яны робяць дзе́ля таго, каб бачылі іх людзі; пашыра́юць філактэ́рыі свае ды павялічваюць кутасы́ на адзенні сваім.

І любяць першыя месцы на чэсьцях, і пярэднія лаўкі ў бажніцах,
 
Лю́бяць таксама узляжа́ць напе́радзе на гасцінах, і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах,

І здарованьні на рынках, і каб звалі іх людзі: "Раббі, раббі!’
 
і каб віталі іх на плошчах, і каб людзі клíкалі іх: «вучыцель! вучыцель!»

А вы не завіцеся рабінамі, бо адзін правадыр у вас — Хрыстос, усі ж вы — браты;
 
А вы не называйцеся вучы́целямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты́.

І айцом не завіце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, каторы на нябёсах;
 
І айцом сваім не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах.

І не завіцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
 
І не называ́йцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

Вялікшы з вас хай будзе вам слуга;
 
Бо́льшы з вас няхай будзе вам слугою.

Бо хто павышае сябе, тый паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, тый павышаны будзе.
 
Бо хто ўзвыша́е сябе, той прынíжаны будзе; а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.

«Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, бо замыкаеце гаспадарства нябёснае перад людзьмі; бо самы ня ўходзіце і тых, што хочуць увыйсьці, ня пушчаеце.
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што зачыня́еце Царства Нябеснае перад людзьмí; бо самі не ўвахо́дзіце і тым, што ўвахо́дзяць, не даяце́ ўвайсцí.

Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што зьядаеце дамы ўдовіны, ды пад прыклепам даўгое малітвы, — за тое адзяржыце большае засуджэньне.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паяда́еце дамы́ ўдоў і напака́з доўга моліцеся: за тое пры́меце тым большае асуджэ́нне.

Бяда вам кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб прыдбаць аднаго новага верніка; і як ён стане таковым, робіце яго сынам ґегенны, удвая горшым за сябе.
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што прахо́дзіце мора і су́шу, каб прыдба́ць хоць аднаго новага верніка; і калі гэта адбываецца, вы ро́біце яго сы́нам гее́ны, удвая́ горшым за вас.

«Бяда вам, правадыры нявісныя, каторыя кажаце: "Калі хто прысягае на дом Божы, то дарма; а калі хто прысягае золатам дому Божага, то вінен’.
 
Го́ра вам, павадыры́ сляпыя, што кажаце: «калі хто пакляне́цца храмам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца золатам храма, то вінаваты».

Дурныя а нявісныя! што большае: золата ці дом Божы, пасьвячаючы золата?
 
Неразумныя і сляпыя! што большае: золата ці храм, які асвячае золата?

Таксама: "Калі хто прысягае на аброчнік, то дарма; калі ж хто прысягае на дар, што на ім, то вінен’.
 
І яшчэ ка́жаце: «калі хто пакляне́цца ахвя́рнікам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца да́рам, які на ім, то вінава́ты».

Дурныя а нявісныя і што большае: дар ці аброчнік, пасьвячаючы дар?
 
Неразумныя і сляпыя! што бо́льшае: дар ці ахвя́рнік, які асвяча́е дар?

Дык хто прысягае на аброчнік, прысягае на яго і на ўсе, што на ім;
 
Дык вось, хто кляне́цца ахвя́рнікам, той кляне́цца ім і ўсім, што на ім;

І хто прысягае на дом Божы, прысягае на яго й Жывучага ў ім;
 
і хто кляне́цца храмам, той кляне́цца ім і Тым, Хто жыве́ ў ім;

І хто прысягае на неба, прысягае на пасад Божы і Седзячага на ім.
 
і хто кляне́цца небам, той кляне́цца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзíць на ім.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што даіце дзесяціну зь мяты, кропу а кмену, і пакінулі цяжшае ў Законе: суд, міласэрдзе а веру; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што даяце́ дзесяціну з мя́ты, анíсу і кме́ну, і адкінулі больш важнае ў законе: суд, міласць і веру; і гэта трэба было рабіць, і таго не пакіда́ць.

Правадыры нявісныя, што цэдзіце камара, а вярблюда глытаеце!
 
Павадыры́ сляпыя, што адцэ́джваеце камара́, а вярблю́да праглына́еце!

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што чысьціце звонку коўні а місы, прымеж таго ўнутры поўныя дзярлівасьці а няўзьдзержлівасьці.
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што ачышча́еце зво́нку ча́шы і мíсы, а усярэ́дзіне яны поўныя хцíвасці і няўстры́манасці.

Фарысэю нявісны! ачысьці ўперад нутр коўні а місы, каб чыстай была й навоннасьць іх.
 
Фарысей сляпы! ачысці перш сярэ́дзіну ча́шы і мíсы, каб і звонку яны былí чыстымі.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што падобныя да пабяляных грабоў, каторыя знадворку здаюцца харошыя, а ўнутры поўныя касьцей памерлых і ўсялякае брыды.
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што робіцеся падобнымі да пабе́леных магіл, якія зво́нку здаюцца прыгожымі, а ўсярэ́дзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду;

Гэтак і вы з выгляду здаіцеся людзём справядлівымі, а ўнутры поўныя двудушнасьці а бяспраўя.
 
так і вы знешне здаяце́ся лю́дзям праведнымі, а ўсярэ́дзіне поўныя крываду́шнасці і беззаконня.

«Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі, што становіце грабы прарокам, і прыбіраеце помнікі справядлівых,
 
Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што будуеце грабнíцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

І кажаце: "Калі б мы былі за дзён айцоў нашых, то ня былі б сябрамі іх у крыві прарокаў’.
 
і кажаце: «калі б мы жылí ў дні бацькоў нашых, то не былí б саўдзе́льнікамі іх у праліццí крыві прарокаў»;

Гэткім парадкам вы самы на сябе сьветчыце, што вы сынове тых, каторыя прарокаў пазабівалі.
 
гэтым вы самі све́дчыце су́праць сябе, што вы сыны́ тых, якія забілі прарокаў.

Дапаўняйце ж і вы меру айцоў сваіх.
 
Дапаўняйце і вы меру бацькоў вашых.

«Гады, родзе, яшчарыны! як уцячыцевы ад засуджэньня да Ґегенны?
 
Зме́і, адро́ддзе яхíдніна! як пазбе́гнеце вы асуджэ́ння на гее́ну?

«Затым, вось, Я пасылаю да вас прарокаў а мудрыцоў а кніжнікаў; і вы іншых заб’іце а ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у школах сваіх і гнаць ізь места да места.
 
Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрацоў, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб’яце́ і распняце́, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

Так прыйдзе на вас уся кроў справядлівая, разьлітая на зямлі, ад крыві Авеля справядлівага аж да крыві Захары Варашонка, каторага вы забілі памеж дому Божага і аброчніка.
 
каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралíтая на зямлі, ад крывí Авеля праведнага да крывí Заха́рыі, сына Варахíевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

Запраўды кажу вам, усе гэта прыйдзе на род гэты.
 
Праўду кажу вам: усё гэта пры́йдзе на род гэты.

«Ерузаліме, Ерузаліме, што забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе; колькі разоў Я хацеў зьберці дзеці твае, як кураводка зьбірае кураняты свае пад крылы, і вы не захацелі!
 
Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захацелі!

Вось, застанецца вам дом вашы пусты.
 
Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты.

Бо кажу вам: ніяк не абачыце Мяне адгэтуль, пакуль не гукніце: "Шчасьлівы Йдучы ў імя Спадарова!’»
 
Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне з гэтага часу, пакуль не ўсклікнеце: «благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць ў імя́ Гасподняе!»