1 Яна 1 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Праз тое, што было ад пачатку, тое, што мы чулі, што бачылі ачыма сваімі, да чога прыглядаліся і да чога датыкаліся рукамі сваімі, — праз Слова жыцьця, —
Пра тое, што было́ ад пача́тку, што мы чу́лі, што ба́чылі на свае вочы, што сузіра́лі і што рукі нашы крана́лі, пра Слова жыцця́, —
Бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьветчым, і абяшчаем вам гэта жыцьцё вечнае, каторае было ў Вайца і зьявілася нам, —
бо жыццё явíлася, і мы ба́чылі, і све́дчым, і абвяшча́ем вам гэтае жыццё вечнае, якое было́ ў Айца і явíлася нам, —
Праз тое, што мы бачылі й чулі, абяшчаем вам, каб і вы мелі ўзаем’е з намі; а наша ўзаем’е — з Айцом а Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
пра тое, што мы ба́чылі і чу́лі, абвяшча́ем вам, каб і вы ме́лі супо́льнасць з намі; а наша супо́льнасць — з Айцом і Сы́нам Яго Іісусам Хрыстом.
І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была супоўная.
І гэта пíшам вам, каб ра́дасць ваша была́ поўная.
І гэтую ведамку, што мы чулі ад Яго, і агалашаем вам, што Бог ё сьвятліня, і цямноты ў Ім ані няма.
І вось тая ве́стка, якую мы чу́лі ад Яго і абвяшча́ем вам: Бог ёсць святло́, і няма ў Ім нія́кай це́мры.
Калі мы скажам, што маем узаем’е зь Ім, а ходзім у цемні, дык мы манім і ня чынім праўды.
Калі мы ка́жам, што ма́ем супо́льнасць з Ім, а ходзім у це́мры, то мы хлу́сім і не робім паво́дле íсціны;
Але калі ходзім у сьвятліні, як Ён у сьвятліні, дык маем узаем’е адзін із адным, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага грэху.
калі ж хо́дзім у святле́, як Ён у святле́, то ма́ем супо́льнасць адзін з адны́м, і Кроў Іісуса Хрыста, Сы́на Яго, ачышча́е нас ад усякага граху́.
Калі кажам, што ня маем грэху, — ашукуем самых сябе, і праўды няма ў нас.
Калі мы ка́жам, што не ма́ем граху́, то ашу́кваем саміх сябе, і íсціны няма ў нас.
Калі вызнаваем грахі свае, дык Ён, верны а справядлівы, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усялякае несправядлівасьці.
Калі вы́знаем грахí нашы, то Ён, ве́рны і пра́ведны, праба́чыць нам грахí нашы і ачы́сціць нас ад усякай няпра́ўды.
Калі кажам, што мы не ізграшылі, чынім Яго манюкаю, і Слова Ягонага няма ў нас.
Калі кажам, што мы не саграшы́лі, то ро́бім з Яго лгуна́, і сло́ва Яго няма́ ў нас.