1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
Глядзíце, якую любоў даў нам Айцец: каб мы называ́ліся дзе́цьмі Божымі; і мы з’яўля́емся імі. Свет таму не ве́дае нас, што не спазна́ў Яго.
Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
Узлю́бленыя! мы цяпер дзе́ці Божыя; але яшчэ́ не адкры́лася, чым мы будзем; ве́даем толькі, што калі адкры́ецца, то падо́бнымі да Яго будзем, таму што ўба́чым Яго, як Ён ёсць.
І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
І кожны, хто ма́е надзею гэтую на Яго, ачышча́е сябе, пако́лькі і Ён чы́сты.
Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззако́нне; бо грэх — гэта беззако́нне.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
І вы ве́даеце, што Ён явíўся, каб узя́ць грахí нашы, а ў Ім граху́ няма.
Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
Кожны, хто ў Ім застае́цца, не грашы́ць; кожны, хто грашы́ць, той не бачыў Яго і не спазна́ў Яго.
Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
Дзеткі! няха́й ніхто не ўво́дзіць вас у зман. Хто ро́біць па пра́ўдзе, той пра́ведны, падо́бна як Ён пра́ведны.
Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
Хто робіць грэх, той ад дыя́вала, таму што дыя́вал ад пача́тку грашы́ць. Для таго і явіўся Сын Божы, каб знíшчыць спра́вы дыя́вала.
Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
Кожны наро́джаны ад Бога не ро́біць граху́, таму што се́мя Яго застае́цца ў ім; і ён не можа грашы́ць, бо наро́джаны ад Бога.
Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
Вось па чым пазнаю́цца дзеці Божыя і дзеці дыя́вала: кожны, хто не ро́біць па пра́ўдзе, той не ад Бога, такса́ма і той, хто не лю́біць брата свайго.
Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
Бо вось запаве́т, які вы чулі ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́;
Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
не так, як Каін: ён быў ад злога і забíў бра́та свайго. А чаму забíў яго́ Таму, што спра́вы яго былі злымі, а спра́вы брата яго пра́веднымі.
Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
Не здзіўля́йцеся, браты́ мае́, калі ненавíдзіць вас свет.
Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
Мы ведаем, што мы перайшлí ад сме́рці ў жыццё, таму што лю́бім братоў; хто не лю́біць брата, той застае́цца ў сме́рці.
Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
Кожны, хто ненавíдзіць бра́та свайго, той чалавеказабо́йца; і вы ве́даеце, што ніякі чалавеказабо́йца не ма́е жыцця ве́чнага, якое б у ім застава́лася.
Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
Любоў спазна́лі мы ў тым, што Ён за нас душу́ Сваю пакла́ў; і мы павíнны за брато́ў ду́шы свае кла́сці.
Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
А хто будзе мець дабрабы́т у све́це і будзе ба́чыць, што брат яго ў няста́чы, але закры́е сэрца сваё ад яго, то як жа застане́цца ў ім любоў Божая́
Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
Дзеткі мае́! дава́йце будзем любíць не сло́вам і не языко́м, а спра́ваю і íсцінаю.
З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
І па гэтым пазнаём, што мы ад íсціны, і супако́ім перад Ім сэ́рцы нашы:
Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
бо калі сэ́рца будзе асуджа́ць нас, Бог бо́льшы за сэ́рца наша і ведае ўсё.
Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
Узлю́бленыя! калі сэ́рца наша не асуджа́е нас, то мы ма́ем адва́гу перад Богам,
І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
і чаго б ні прасíлі, атрыма́ем ад Яго, бо за́паведзі Яго выко́нваем і ўго́днае Яму ро́бім.
А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
А за́паведзь Яго такая: каб мы ве́равалі ў імя́ Сына Яго Іісуса Хрыста́ і любíлі адзін аднаго́, як Ён запаве́даў нам.
І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.
І хто выко́нвае за́паведзі Яго, той застае́цца ў Ім, і Ён у тым. А што Ён застае́цца ў нас, пазнаём па Ду́ху, Якога Ён даў нам.