1 Яна 3 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
 
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі! Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго.

Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
 
Умілаваныя, цяпер мыдзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць.

І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
 
Кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны.

Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
 
Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне.

І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
 
Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху.

Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
 
Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
 
Дзеці, няхай ніхто не зводзіць вас. Хто чыніць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён ёсць справядлівым.

Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
 
Хто чыніць грэх — той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
 
Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Ягонае жыве ў ім, і ён не можа грашыць, бо народжаны ад Бога.

Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
 
Па гэтым можна пазнаць дзяцей Божых і дзяцей д’ябла: кожны, хто чыніць несправядлівасць, той не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата.

Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
 
Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
 
Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі дрэнныя, а брата ягонага — справядлівыя.

Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
 
І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.

Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
 
Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці.

Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
 
Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе вечнага жыцця.

Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
 
Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддацьжыццё сваё за братоў.

Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
 
Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?

Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
 
Дзеці, будзем жа любіцьне словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю.

З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
 
Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы.

Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
 
Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё.

Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
 
Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам.

І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
 
Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.

А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
 
А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам.

І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.
 
Хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Ён — у ім. І па Духу, якогадаў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас.