1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто ізграшыў, дык мы маем Прычынцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Справядлівага.
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом Езуса Хрыста справядлівага.
І Ён залашчаньне за грахі нашы, і ня толькі за нашы, але й за ўсяго сьвету.
Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
А што мы пазналі Яго, даведуемся з тога, што дзяржым расказаньні Ягоныя.
Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі.
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», але расказаньняў Ягоных не дзяржыць, тый манюка, і няма ў ім праўды;
Хто кажа: «Я ведаю Яго», а не захоўвае Ягоныя запаведзі, той ілгун і няма ў ім праўды.
А хто дзяржыць Слова Ягонае, у тым запраўды любосьць Божая дасканальная: з гэтага даведуемся, што мы ў Ім.
А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім.
Хто кажа, што перабывае ў Ім, мае так хадзіць, як Ён хадзіў.
Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.
Умілаваныя! пішу вам ня новае расказаньне, але расказаньне старое, каторае вы мелі ад пачатку. Расказаньне старое ё слова, каторае вы чулі ад пачатку.
Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі.
Яшчэ новае расказаньне пішу вам, праўдзівае ў Ім і ў вас; бо цямнота мінае, а праўдзівае сьвятло ўжо сьвеце.
Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо знікае цемра і яснее ўжо праўдзівае святло.
Хто кажа, што ён у сьвятліні, а ненавідзе брата свайго, тый у цямноце дагэтуль.
Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць свайго брата, той яшчэ ў цемры.
Хто любе брата свайго, тый перабывае ў сьвятліні, і няма ў ім спадману;
Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы.
А хто ненавідзе брата свайго, тый у цямноце, і ў цямноце ходзе, і ня ведае, куды йдзець, бо цямнота сусьляпіла яму вочы.
А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
Пішу вам, дзеці, бо дараваны вам грахі дзеля імені Ягонага.
Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, айцове, бо вы пазналі Таго, Каторы ёсьць ад пачатку. Пішу вам, маладзёны, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, хлопцы, бо вы пазналі Айца.
Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
Я напісаў вам, айцове, бо вы пазналі Таго, Каторы ёсьць ад пачатку. Я напісаў вам, маладзёны, бо вы дужыя, і Слова Божае перабывае ў вас, і вы перамаглі злога.
Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
Ня мілуйце сьвету ані тога, што ў сьвеце: хто мілуе сьвет, у тым няма любові Айцоўскае;
Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
Бо ўсе, што ў сьвеце: жада цела а жада аччу а пыха жыцьцявая, тое ня ё ад Айца, але ад сьвету гэтага.
Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету.
І сьвет мінае, і жада ягоная, а тый, што чыне волю Божую, трывае на векі.
І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.
Дзеці! апошняя гадзіна. І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, адгэтуль мы пазнаем, што апошняя гадзіна.
Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна.
Яны вышлі ад нас, але ня былі з нас; бо калі б яны былі з нас, то напэўна засталіся б з намі; але каб было выяўленя, што ня ўсі з нас.
Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас.
Вы, адылі, маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсе.
Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце.
Я напісаў вам не затым, каб вы ня зналі праўды, але што яе знаеце, і што ўсялякая мана ня з праўды.
Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды.
Хто маныш, калі ня тый, хто перачыць, што Ісус ё Хрыстос? Гэта — антыхрыст, што выпіраецца Айца а Сына.
Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына.
Кажны, хто адракаецца Сына, ня мае Айца; а хто вызнавае Сына, мае й Айца.
Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Дык, што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас; калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы застаніцеся ў Сыну а ў Вайцу.
Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу.
А тая абятніца, каторую абяцаў вам, ё жыцьцё вечнае.
Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.
Гэта я напісаў вам узглядам тых, што вас зводзяць.
Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас.
А памазаньне, каторае вы адзяржалі ад Яго, трывае ў вас, і вы не патрабуеце, каб хто-колечы вучыў вас; але як тое самае памазаньне вуча вас усяго, і яно праўдзівае й не манлівае, дык, чаго яно навучыла вас, у тым трывайце.
А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.
Дык, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, як Ён зьявіцца, мы мелі адвагу і не засароміліся перад Ім у часе прыходу Ягонага.
Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця.
А калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, ведайце, што кажны, хто чыне справядлівасьць, народжаны зь Яго.
Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.