1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі б хто і зграшыў, маем Заступніка перад Айцом — Ісуса Хрыста Справядлівага.
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом Езуса Хрыста справядлівага.
Ён ёсць уміласціўленне за грахі нашы, ды не толькі за грахі нашы, але і ўсяго свету.
Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
З гэтага пазнаём, што Яго ведаем: калі выконваем Яго прыказанні.
Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі.
Хто кажа: «Ведаю Яго» і не выконвае Яго прыказанняў, той ілгун, і ў ім няма праўды.
Хто кажа: «Я ведаю Яго», а не захоўвае Ягоныя запаведзі, той ілгун і няма ў ім праўды.
А хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога ажыццявілася. Па гэтым вось пазнаём, што мы ў Ім.
А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім.
Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў.
Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.
Улюбёныя! Не пішу для вас новае прыказанне, але прыказанне старадаўняе, якое вы мелі ад пачатку: даўняе прыказанне ёсць слова, якое вы чулі.
Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі.
Але і новае прыказанне пішу вам, яно праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра прамінае, і праўдзівае святло свеціць ужо.
Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо знікае цемра і яснее ўжо праўдзівае святло.
Хто кажа, што ён у святле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры.
Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць свайго брата, той яшчэ ў цемры.
Хто любіць брата свайго, той застаецца ў святле, ды няма ў ім згаршэння.
Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы.
А хто брата свайго ненавідзіць, той у цемры і ходзіць у цемры, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла вочы яго.
А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
Пішу вам, дзеткі: адпушчаны вам грахі ў імя Яго.
Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, айцы: вы пазналі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі: вы перамаглі ліхога.
Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
Напісаў вам, дзеці: вы ведаеце Айца. Напісаў вам, айцы: пазналі вы Таго, Хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога.
Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
Не любіце свету, ані таго, што ў свеце. Бо калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
Бо ўсё, што ў свеце: пажаданне цела, пажаданне вачэй ды пыхлівасць жыццёвая — не ад Айца, але ад свету.
Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету.
І свет мінае, і пажаданні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна.
І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.
Дзеткі, ужо апошні час; і як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час з’явілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаём, што ўжо апошні час.
Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна.
Выйшлі яны ад нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што не ўсе яны з нас.
Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас.
Але вы атрымалі намашчэнне ад Святога, і вы ўсе гэта ведаеце.
Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце.
Я вам напісаў не як няведаючым праўду, але як ведаючым яе, бо любая хлусня не ад праўды.
Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды.
Хто ж тады лгун, калі не той, хто пярэчыць, што Ісус ёсць Хрыстос? Той ёсць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына.
Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына.
Кожны, хто не прызнае Сына, не мае таксама і Айца; а хто вызнае Сына, той мае і Айца.
Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Няхай захаваецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што вы чулі ад пачатку, захаваецца ў вас, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу.
Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу.
А вось абяцанне, якое Ён нам даў: жыццё вечнае.
Абяцанне ж, якое Ён нам даў, гэта вечнае жыццё.
Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.
Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас.
І намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і не трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Яго намашчэнне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім.
А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.
Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мелі ў Ім адвагу ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі перад Ім сораму.
Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця.
Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто чыніць справядлівасць, з Яго нарадзіўся.
Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.